станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст.Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
В.М.Ляўко.
Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́Р’ЕВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Analgesoidea),
надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.
Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт.Кляшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́Д,
энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).
Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л.ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.