СЕКСАПАТАЛО́ГІЯ (секс + ...паталогія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае палавыя расстройствы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; раздзел мед. сексалогіі. Вывучае функцыян., эмацыянальныя, асабістыя, сац.-адаптацыйныя аспекты сексуальных расстройстваў. Звязана з уралогіяй, гінекалогіяй, андралогіяй, эндакрыналогіяй, неўрапаталогіяй, псіхіятрыяй. Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная С. вывучае асн. заканамернасці суадносін і дыферэнцыяцыі полаў, анатама-фізіял. асновы палавой сферы і інш.; прыватная — канкрэтныя захворванні, якія парушаюць сексуальную функцыю, іх лячэнне з улікам спецыфічных псіхасексуальных асаблівасцей хворага. У С. вял. роля належыць прынцыпу партнёрства, які ўлічваецца ў дыягностыцы, паходжанні парушэнняў і іх лячэнні.

Літ.:

Свядощ А.М. Женская сексопатология. 5 изд. Кишинев, 1991;

Ходаков Н.М. Наедине с сексопатологом. М., 1992;

Здравомыслов В.И., Анисимов а З.Е., Либих С.С. Функциональная женская сексопатология. Пермь, 1994;

Руководство по андрологии. Л., 1990.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кі апавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.​Брыль, А.​Кучар, А.​Марціновіч, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1981—86;

Бел. пер. — Кара-Бугаз. 2 выд. Мн., 1935;

Калхіда. Мн., 1935;

Чорнае мора. Мн., 1938;

Аповесці. Мн., 1957;

Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.

Літ.:

Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;

Кременцов А.И. К.​Г.​Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;

Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;

Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.​Г.​Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург. Л., 1990.

А.​В.​Спрынчан.

К.Г.Паустоўскі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)