МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК,
штучны спадарожнік Зямлі, прызначаны для аператыўнага назірання за размеркаваннем воблачнага, снегавога і лядовага покрываў, а таксама цеплавога выпрамянення Зямлі ў мэтах атрымання метэаралагічных даных для прагнозу надвор ’я. На арбіты вакол Зямлі выведзены рас. М.с. серый «Космас», «Метэор», амер. спадарожнікі серый «Цірас», «Нібус» і інш. На Беларусі пункт прыёму інфармацыі з М.с. працуе з 1970.
т. 10, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАТЭРАПІ́Я, кліматалячэнне,
сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці над узр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн. метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розных геагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).
Я.В.Малашэвіч.
т. 8, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,
навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.
т. 12, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)