помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.А.Траццякова.
Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял.Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Узведзены ў 1770-я г. на Губернатарскай пл. (сучасная Савецкая пл.) як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і архіва. Мураваны прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены капітальнымі сценамі на 3 часткі (для кожнай установы). Збоку дваровага фасада кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захавалася). У 1883 надбудаваны 3-і паверх, дэкарыраваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка, будынак прыстасаваны пад акр.суд. У цэнтры гал. фасада — уваходны партал. Прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах, на 1-м і 3-м паверхах аздоблены замковым каменем, на 2-м завершаны праз адзін сандрыкамі або трохвугольнымі франтонамі. Разбураны ў Вял.Айч. вайну. У 1950-я г. адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,
помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1648 па фундацыі палкоўніка С.Лозкі, перабудаваны ў 1760—75 маршалкам мазырскім К.Аскіркам У 1865 касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 адрамантаваны. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Гал. 3-часткавы фасад — увагнута-пукатая арх. плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал увахода завершаны фігурным крапаваным шчытом з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на 2 чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваны ў 1829) з элементамі класіцызму. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Да касцёла з усх. боку прымыкае кляштарны корпус (арх. Вісконці) — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У 1832 кляштар скасаваны, у 1839 пасля пажару корпус прыстасаваны пад бальніцу (1-ы паверх) і дзярж. ўстановы (2-і паверх).
А.М.Кулагін.
Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Будынак касцёла.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. З гравюры 1865.
помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаванызах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.
А.М.Кулагін.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.Гразноў.Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.