Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Кантактавы нагрэў 11/433
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАЧАСТО́ТНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне матэрыялаў токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотны нагрэў дыэлектрычны (гл.Дыэлектрычны нагрэў) і індукцыйны (гл.Індукцыйны нагрэў).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Аэрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне дыэлектрыкаў у пераменным эл. полі. Абумоўлены дыэлектрычнымі стратамі. Мае высокую хуткасць і раўнамернасць разагравання матэрыялаў з нізкай цеплаправоднасцю. Пры частотах да 300 МГц праводзіцца ў полі кандэнсатара; пры звышвысокіх частотах — у полі аб’ёмнага рэзанатара ці выпрамяняльніка; напружанасць эл. поля ў прамысл. устаноўках да 3000 кВ/м. Выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў (драўніны, паперы, керамікі і інш.), зваркі пластмас, награвання пластмас перад прасаваннем, пры склейванні драўніны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМАТО́ЧНЫ КАЦЁЛ,
тып паравога катла, у якім нагрэў і выпарэнне вады, а таксама перагрэў пары, ажыццяўляецца за адзін праход асяроддзя па змеевіках, што знаходзяцца ў топцы (вада падаецца ў кацёл помпай). У адрозненне ад катлоў са шматразовай цыркуляцыяй у П.к. атрымліваюць пару звышкрытычнага ціску (больш за 22,1 МПа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ ПЕЧ,
печ, рабочая прастора якой мае форму камеры. Прызначана для награвання або тэрмічнай апрацоўкі метал. загатовак і дэталей, шкляных вырабаў, абпальвання керамічных і эмаліраваных вырабаў і інш. Працуе з перыяд. загрузкай вырабаў і аднолькавай т-рай ва ўсіх пунктах рабочай прасторы. Будуецца ў выглядзе каўпаковай печы, награвальнага калодзежа, печы з высоўным подам і інш. Выкарыстоўвае вадкае, цвёрдае і газападобнае паліва, эл.нагрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГРЭ́Ў,
1) награванне вадкасці вышэй пункта яе кіпення пры дадзеным ціску, таксама награванне цвёрдага крышталічнага рэчыва вышэй пераходу з адной крышт. мадыфікацыі ў другую (пры плаўленні не адбываецца). Перагрэтае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане. На П. вадкасці грунтуецца работа пузырковых камер.
2) Нагрэў вадзяной пары вышэй т-ры яе насычэння пры тым жа ціску.
3) П. металаў — дэфект структуры металаў, абумоўлены перавышэннем дапушчальнай т-ры ці працягласці нагрэву. Метал з такім дэфектам набывае (пасля ахаладжэння) буйнакрышталічную структуру, што пагаршае яго мех. ўласцівасці.