МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.

Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,

выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.

У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ, сметнікавыя куры (Megapodiidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).

Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Веліканогія куры: 1 — кустовая індычка; 2 — плямістая курыца.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)