ВЫСОКАЧАСТО́ТНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне матэрыялаў токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотны нагрэў дыэлектрычны (гл. Дыэлектрычны нагрэў) і індукцыйны (гл. Індукцыйны нагрэў).
т. 4, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГРЭ́Ў,
1) награванне вадкасці вышэй пункта яе кіпення пры дадзеным ціску, таксама награванне цвёрдага крышталічнага рэчыва вышэй пераходу з адной крышт. мадыфікацыі ў другую (пры плаўленні не адбываецца). Перагрэтае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане. На П. вадкасці грунтуецца работа пузырковых камер.
2) Нагрэў вадзяной пары вышэй т-ры яе насычэння пры тым жа ціску.
3) П. металаў — дэфект структуры металаў, абумоўлены перавышэннем дапушчальнай т-ры ці працягласці нагрэву. Метал з такім дэфектам набывае (пасля ахаладжэння) буйнакрышталічную структуру, што пагаршае яго мех. ўласцівасці.
т. 12, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЭМУЛЬГАВА́ННЕ (ад дэ... + эмульсія),
разбурэнне (расслаенне) эмульсій. Ажыццяўляюць мех. (цэнтрыфугаванне), тэрмічнымі (награванне ці вымарожванне), эл. (уздзеянне эл. поля) і хім. метадамі (у т. л. ўвядзеннем дээмульгатараў — паверхнева-актыўных рэчываў, якія ўзаемадзейнічаюць з эмульгатарамі і нейтралізуюць іх уздзеянне). Выкарыстоўваюць у нафтапрамысловасці (абязводжванне і абяссольванне сырой нафты), харч. прам-сці (выраб сметанковага масла), гідраметалургіі і інш.
т. 6, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКАЯ ЗВА́РКА, пячная зварка,
зварка металаў і сплаваў ціскам, пры якой награванне вырабаў у зоне злучэння робіцца ў печах награвальных або горнах, а пластычнае дэфармаванне — ударамі молата, пракаткай ці выцісканнем. К.з. злучаюць пераважна дэталі з малавугляродзістай (да 0,3% С) сталі, а таксама наварваюць высакаякасную сталь на зношаныя дэталі. Якасць зваркі павышаюць, пакрываючы месца злучэння флюсам.
т. 7, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ў тэхніцы,
сістэма, для якой пэўны крытэрый прымае найб. (ці найменшае) значэнне з мноства магчымых. Вынік працэсу аптымізацыі. Крытэрыем аптымальнасці можа быць хуткадзеянне, дакладнасць, затраты энергіі або матэрыялу і інш. Прыклады аптымальнай сістэмы — сістэмы аўтам. кіравання самалётаў і караблёў, аптымальныя канструкцыі ў буд-ве і машынабудаванні (аптымальны профіль крыла самалёта, аптымальная аэрадынамічная форма кузава аўтамабіля), аптымальныя тэхнал. працэсы (награванне металу ў печах з мінім. акалінаўтварэннем).
т. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТЭРМІ́Я (ад дыя... + грэч. thermē гарачка, цеплыня),
эндатэрмія, тэрмапенетрацыя, адзін з метадаў электралячэння, які прадугледжвае награванне органаў і тканак арганізма токам высокай частаты (1,65 Мгц) і вял. сілы (да 3 А). Выкарыстоўваюць пры лячэнні хвароб, у аснове якіх спазмы крывяносных сасудаў, мачаточніка, жоўцевых праток, жоўцевага пузыра і інш. полых органаў, пры хранічных нягнойных запаленчых хваробах, запаленнях нерваў і іх карэньчыкаў, неўралгіях, сустаўных, мышачных і інш. болях.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне дыэлектрыкаў у пераменным эл. полі. Абумоўлены дыэлектрычнымі стратамі. Мае высокую хуткасць і раўнамернасць разагравання матэрыялаў з нізкай цеплаправоднасцю. Пры частотах да 300 МГц праводзіцца ў полі кандэнсатара; пры звышвысокіх частотах — у полі аб’ёмнага рэзанатара ці выпрамяняльніка; напружанасць эл. поля ў прамысл. устаноўках да 3000 кВ/м. Выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў (драўніны, паперы, керамікі і інш.), зваркі пластмас, награвання пластмас перад прасаваннем, пры склейванні драўніны і інш.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення памяшканняў сухой насычанай парай, якая падаецца па параправодах ад паравога катла ў ацяпляльныя прылады. Адрозніваюць вакуум-паравыя (ціск пары ніжэйшы за атмасферны), нізкага (ціск да 0,17 МПа) і высокага (больш за 0,17 МПа) ціску сістэмы П.а., якія бываюць 1- і 2-трубныя. П.а. забяспечвае хуткае награванне памяшканняў, але па сан.-гігіенічных якасцях саступае вадзяному. Асн. недахоп — высокая т-ра пары (100 °C і вышэй). Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, камунальна-быт. і прамысл. памяшканнях.
т. 12, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПА́Л,
1) тэрмічная апрацоўка металаў і сплаваў, якая ўключае награванне металаў ці сплаваў да пэўнай т-ры, вытрымку, павольнае (бесперапыннае ці ступеньчатае) ахаладжэнне і паляпшае іх якасць пры далейшай апрацоўцы і эксплуатацыі. Пры абпале адбываюцца працэсы адпачыну металу, гомагенізацыі, рэкрышталізацыі, рэлаксацыі, перыкрышталізацыі, графітызацыі, сфераідызацыі, якія прыводзяць да паляпшэння структуры, аднароднасці, фіз.-мех. і эл.-магн. уласцівасцяў, зняцця ўнутраных напружанняў, прыдання надання мяккасці і пластычнасці металам і сплавам. Адпал павялічвае вязкасць матэрыялаў.
2) Тэрмічная апрацоўка шкла пры t 400—600 °C у спец. печах для зняцця ўнутраных напружанняў (гл. ў арт. Шкло).
т. 1, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)