Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ,
прылада для арыфм. вылічэнняў (складання і аднімання). Маюць прамавугольную раму з папярочнымі пруткамі з рухомымі круглымі костачкамі. Выкарыстоўваюцца для простай лічыльнай работы і як наглядны дапаможнік.
Кожны пруток з 10 костачкамі адыгрывае ролю дзесятковага разраду ліку. Першакрыніцай Л. з’яўляецца т. зв. дашчанае лічэнне, якое ўзнікла ў Расіі ў 16 ст. З пераходам да арабскіх лічбаў у канцы 17 — пач. 18 ст.Л. набылі сучасны выгляд з захаваннем аднаго няпоўнага раду. Кітайскія Л. (суан-пан), якімі карыстаюцца таксама ў Індакітаі і Японіі, захавалі свой стараж. выгляд с падлікам адзінак у кожным разрадзе па 5, а затым пяцёркамі. Гл. таксама Абак.
Лічыльнікі: а — сучасныя; б — дашчанае лічэнне (паводле чарцяжа 17 ст.); в — суанпан (кітайскія лічыльнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕГО́РЫЯ (ад грэч. allēgoria іншасказанне),
1) адлюстраванне адцягненай ідэі (паняцця) пры дапамозе канкрэтнага нагляднага вобраза. Узнікненне алегорыі звязана з практыкай вытлумачэння стараж. шанавальных тэкстаў (у эпоху элінізму — Гамера, у хрысц. багасловаў — Бібліі); у сярэднявеччы алегарычна вытлумачваўся і свет прыроды як павучальны наглядны дапаможнік, створаны Богам для чалавека. Паняцце «алегорыя» ўпершыню сустракаецца ў трактатах Псеўда-Лангіна, Цыцэрона, у эстэт. вучэннях Гарацыя, Плутарха, Лукрэцыя Кара і інш. Іншасказальны прынцып алегорыі пашыраны ў сярэдневяковай эстэтыцы, у мастацтве Адраджэння і Асветніцтва. Існуе як прыём і прынцып арганізацыі маст. матэрыялу ў л-ры, фальклоры, у розных відах выяўл. мастацтва.
2) У выяўленчым мастацтве алегорыя ствараецца пры дапамозе вобраза канкрэтнай, асацыятыўна блізкай істоты, прадмета або з’явы (напр., правасуддзе — жанчына з завязанымі вачыма і з шалямі ў руках). Алегорыя шырока выкарыстоўвалася ў мастацтве Адраджэння (алегорыя граматыкі ў кн. «Грамматіка словенска...» Л.Зізанія, 1596), маньерызму, барока, ракако, класіцызму, рамантызму. Найб. пашыраны від алегорыі — персаніфікацыя, г. зн. фігура, аздобленая пэўнымі атрыбутамі, якія тлумачаць яе змест. Алегорыя сустракаецца ў мастацтве 19—20 ст. — у манум. скульптуры, творах жывапісу, плакаце, паліт. карыкатуры і інш.
Да арт. Алегорыя. С.Батычэлі. Вясна. Фрагмент (Тры грацыі). Каля 1477—78.