НАГАВІ́ЦЫ, штаны, порткі,

адна з асн. частак традыц. мужчынскага адзення беларусаў. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе, якія зашпільваліся на калодачку-біргельку ці гузік і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі для лапцей. Кашулю насілі паверх Н. У канцы 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. У пач. 20 ст. выйшлі з ўжытку.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін у нагавіцах. Піншчына. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКА-КАМЯНЕ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім р-нах. Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязкова), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля з глыбокім разрэзам пазухі і высокім стаяча-адкладным каўняром; уздоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся рознакаляровымі пальметамі (зоркамі, кветкамі) уздоўж ніжняй дамінуючай паласы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полкі белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю. Гарсэт з чорнай шарсцянкі аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай — зрэзы верхняга крыса, проймаў і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы рознакаляровы пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суровага палатна або пярэстай паўшарсцянкі. Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, кажухі і інш.

М.​Ф.​Раманюк.

Ваўкавыска-камянецкі строй. Жанчыны ў летнім адзенні. Вёска Мікалаева Камянецкага раёна.

т. 4, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ (Максім Аляксандравіч) (н. 21.10.1958, Мінск),

бел. пісьменнік. Сын А.Махнача. Скончыў БПІ (1980). Працаваў у час. «Бярозка», з 1995 — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Друкуецца з 1985. Аўтар дэтэктыўнай аповесці «Сцэнарый смерці» (1991), трылера «Каханка д’ябла» (1992, з М.​Шайбаком), зб. аповесцей і навел «Мяжа па даляглядзе» (1994), пераказу Бібліі для дзяцей (1995, з Шайбаком), п’ес «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» (паст. 1993), «Чорны квадрат» (паст. 1995; абедзве з Шайбаком), сцэнарыяў маст. тэлефільмаў «У чаканні» (1995), «Апошняя роля» (1997, з У.​Сцепаненкам) і дакумент. фільмаў. Творы К. вызначаюцца наватарскімі пошукамі, адметнай стылістыкай.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падзвіння. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геам. арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3—4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух з 1—3 полак кужэльнага палатна аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Лепельскі строй. Цясляр з Лепеля. Канец 19 ст.

т. 9, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.

М.​Ф.​Раманюк.

Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геам. арнамент вышыўкі чырвонымі і чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 кліноў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Навагрудскі строй. Маладуха ў верхнім адзенні з каптуром. Вёска Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 11, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл. Мотальскія кажухі).

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)