назва групы плямён, якія складалі стараж. насельніцтва Шатландыі. П. пастаянна рабілі набегі на рымскую Брытанію, у 360-я г. дайшлі да Лондана. У 6 ст. ірландскі місіянер Калумбан схіліў іх да хрысціянства. У сярэдзіне 9 ст. заваяваны скотамі і змяшаліся з імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),
нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТ (Mott) Джон Рэйлі (25.5.1865, г. Лівінгстан-Манар, ЗША — 31.1.1955),
амерыканскі грамадскі дзеяч, хрысц.місіянер. Скончыў Корнелскі (г. Ітака) ун-т (1888). У 1895—1920 ген. сакратар, у 1920—28 старшыня Сусв. студэнцкай хрысц. федэрацыі, у 1898—1928 адначасова ў Хрысц. асацыяцыі маладых людзей (з 1915 ген. сакратар гэтай асацыяцыі і Нац. савета хрысц. царквы ў ЗША). У 1921—41 старшыня Міжнар. місіянерскага савета. З 1948 ганаровы старшыня Экуменічнага савета цэркваў. Аўтар прац па прапагандзе хрысц. ідэалаў і місіянерскай дзейнасці. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Э.Г.Болч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖА́НІЧ (Križanić) Юрый (каля 1618, Обрх, Славенія — 12.9.1683),
харвацкі рэліг. дзеяч, публіцыст, адзін з папярэднікаў панславізму. Д-р багаслоўя (1642). Каталіцкі свяшчэннік-місіянер. Прапагандаваў ідэю «славянскага адзінства». У 1647 наведаў Маскоўскую дзяржаву. У час другога прыезду ў Маскву (1659) выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, рэліг. аб’яднанне ўсіх слав. народаў пад вяршэнствам рым. папы, палітычнае — рас. цара, намагаўся стварыць штучную агульнаслав. мову; сасланы рас. ўладамі ў г. Табольск (1661—76). У 1678 прыехаў у Вільню і ўступіў у ордэн дамініканцаў. У складзе войска Рэчы Паспалітай дапамагаў вызваляць ад тур. аблогі Вену, каля якой і загінуў. Аўтар тэалагічных, філас., мовазнаўчых і інш. трактатаў, у г.л. «Палітыка» (1663—66), «Тлумачэнне гістарычных прароцтваў» (1674).
Тв.:
Рус.пер. — Политика. М., 1965.
Літ.:
Пушкарев Л.Н. Юрий Крижанич: Очерк жизни и творчества. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАМІ́НЫ, Рудаміны-Дусяцкія,
шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы») у ВКЛ. Родапачынальнік — віленскі купец Андрэй Мікалай, які ад вял.кн.ВКЛ Аляксандра [1492—1506] атрымаў землі ў Рудамінскай воласці (адсюль прозвішча) каля Вільні. Найб. вядомыя:
Мацей (?—1586) сын Андрэя Мікалая, віленскі райца і бурмістр. У 1576 атрымаў шляхецтва. Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Езуіт, місіянер у Кітаі, аўтар рэліг. твораў на кітайскай мове. Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея, войскі браслаўскі з 1600. Збудаваў Камайскі касцёл. Я н (1581—9.2.1646), сын Яна, навагрудскі падваявода ў 1619—22, харунжы ў 1627—36, кашталян з 1636. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі, якую апісаў у паэме. Пётр (?—1649), сын Яна, браслаўскі падстолі ў 1620—21, войскі ў 1621—29, харунжы ў 1624—39, кашталян дэрпцкі ў 1639—43 і смаленскі з 1643. Крыштоф (?—1655), сын Яна, маршалак браслаўскі ў 1630—45, кашталян полацкі ў 1645—54, ваявода мінскі з 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬБЕ (Kolbe) Максімілян Марыя (свецкае імя Раймунд; 8.1.1894, г. Здунска-Воля, Польшча — 14.8.1941),
польскі рэліг. дзеяч. Д-р філасофіі (1915), д-р тэалогіі (1919). Скончыў Грэгарыянскі ун-т у Рыме. З 1914 манах ордэна францысканцаў, з 1918 ксёндз. З 1919 выкладаў у Кракаўскай францысканскай семінарыі. У 1922—27 служыў у Гродзенскім кляштары францысканцаў. У 1927 заснаваў у в. Папротня Лодзінскага ваяв. францысканскі комплекс Непакалянаў (адзін з найбольшых у свеце) і быў яго кіраўніком. У 1931—35 місіянер у Японіі, арганізатар ордэна францысканцаў у г. Нагасакі, выдавец каталіцкага часопіса на яп. мове. Заснавальнік і рэдактар каталіцкіх выданняў, у т. л.час. «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Бязгрэшна Зачаўшай», з 1922) і газ. «Mały Dziennik» («Малая газета», з 1935). У Час герм. акупацыі Польшчы хаваў асоб, якіх расшуквалі ням.-фаш. ўлады. Арыштаваны гестапа і вывезены ў канцлагер Асвенцім, добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання смерцю вязняў. У 1982 кананізаваны. Культ К. папулярны ў Польшчы і сярод католікаў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),
ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.