Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,
адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).
Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬу музыцы,
час, які займае гук ці паўза. Абс. П. гуку вымяраецца мерамі часу (секунда, мінута). Важнае значэнне мае адносная П. гукаў, што выяўляе суадносіны гукаў у часе, якія праяўляюцца ў метры і рытме і ляжаць у аснове муз. выразнасці. Для абазначэння адноснай П. выкарыстоўваюць умоўныя знакі — ноты (брэвіс, цэлая, палавінная і інш.) і дадатковыя да нот знакі (кропкі, лігі). Ад умоўнага падзелу асноўнай П. ўтвараюцца рытмічныя групы (дуоль, трыёль і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),
від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.
Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.
На Беларусі развіваецца з 1961. Гал.спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш.міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.Талкачоў (1969), М.Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.Какуева, Парамыгіна, Н.Пермякова, Н.Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 ў каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.Івашка, А.Папоў, А.Рыжанкоў, В.Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.