МУСТА́ФІН (Габідэн) (26.11.1902, с. Сарцюбе Карагандзінскай вобл., Казахстан — 20.1.1985),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Чл.-кар. АН Казахстана (1958). Друкаваўся з 1927. Кн. апавяданняў і нарысаў «Ер Шойын» (1929), раманы «Шыганак» (1945), «Мільянер» (1948), «Пасля буры» (1959) пра сац. перамены ў жыцці каз. народа ў 1920—30-я г. Пачынальнік індустрыяльнай тэмы ў каз. л-ры: раманы «Жыццё або смерць» (1941), «Караганда» (1952) і інш., адметных сюжэтнай шматпланавасцю, псіхал. глыбінёй. Аўтар аўтабіягр. рамана «Сведка» (ч. 1, 1963), кн. нарысаў і артыкулаў «Напевы думкі» (1974, Дзярж. прэмія Казахстана 1980).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. Алма-Ата, 1963;

Избранное. М., 1983.

Ж.Сахіеў.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ ФІЛІ́ПА (De Filippo; сапр. Пасарэлі; Passarelli) Эдуарда

(24.5.1900, г. Неапаль, Італія — 1.11.1984),

італьянскі драматург, акцёр, рэжысёр т-ра і кіно. З сям’і акцёраў, дэбютаваў на сцэне ў 11 гадоў. У 1931—73 кіраўнік і акцёр створанай ім у Неапалі трупы «Камічны т-р Дэ Філіпа». Аўтар п’ес «Філумена Мартурана» (1946; у 1964 паводле яе В.Дэ Сіка зняў фільм «Шлюб па-італьянску»), «Мана на доўгіх нагах» (1948), «Мая сям’я» (1955), «Субота, нядзеля, панядзелак» (1960), «Мэр раёна Саніта» (1961) і інш. У кіно з 1932 выступаў як акцёр (у камедыях, пастаўленых па сваіх сцэнарыях), з 1939 — як рэжысёр. Экранізаваў свае п’есы. Сярод акцёрскіх работ — ролі ў фільмах «Травіята 1953 года», «Дзяўчаты з плошчы Іспаніі», «Золата Неапаля». Лепшы яго фільм «Неапаль — мільянер» (у пракаце «Неапаль — горад мільянераў»). У творчасці спалучаў традыцыі неапалітанскага дыялектальнага т-ра, які ўзыходзіць да камедыі дэль артэ, з прынцыпамі неарэалізму.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)