МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),
англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д. Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ (Міхаіл Лявонавіч) (22.11.1909, г. Іркуцк, Расія — 31.1.1970),
расійскі вучоны і канструктар верталётаў. Д-ртэхн.н. (1945), праф. (1967). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Новачаркаскі авіяц.ін-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ) імя М.Я.Жукоўскага. У 1936 інжынер КБ па вінтакрылых апаратах, потым нам.гал. канструктара М.І.Камава. У 1943—47 навук. супрацоўнік, нач. лабараторыі ў ЦАГІ. Са снеж. 1947 гал. канструктар КБ верталётабудаўніцтва, з 1964 ген. канструктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1951 створаны першы сав. серыйны 3-месны верталёт Мі-1; у далейшым верталёты Мі-2, -4, -6, -8, -10, -10К, В-12 і інш. На верталётах канструкцыі М. ўстаноўлена 60 афіц.сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэмія СССР 1968.
Літ.:
Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ ((Mill) Джон Сцюарт) (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),
англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.Берклі, Д.Юма, А.Конта, Д.Рыкарда, І.Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).
Тв.:
Рус.пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;
Основания политической экономии. СПб., 1909;
Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Міль А. дэ 2/101
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Міль М. Л. 1/63, 66; 3/40; 7/205
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Міль Дж. С. 3/30; 4/32; 7/204—205; 8/25; 10/516
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра І ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс.міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 15—20 ст. у ВКЛ (называўся Новагародскім пав.), Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Навагрудак (Новагародак). У 1-й пал. 16 ст.тэр. павета фактычна супадала з тэр.Навагрудскага ваяводства, у складзе якога павет знаходзіўся з 1507. Паводле прывілея вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста ад 30.4.1565 упершыню вызначаны межы Н.п., які стаў адным з 3 паветаў ваяводства. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) Н.п. уключаны ў склад Рас. імперыі; быў у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай, з 1842 у Мінскай губ. У сярэдзіне 19 ст.пл. павета 976 кв. міль, або 457,7 тыс. дзесяцін. У 1861 складаўся з 24 валасцей, 111 сельскіх грамад; нас. 135 435 чал. (самы густанаселены павет Мінскай губ.). Паводле веравызнання правасл. 71%, католікаў 23,58, іудзеяў 4,98, мусульм. 0,43%. Паводле сац. складу сельскіх саслоўяў 83,7%, гараджан 7,3, ваенных 4,3, дваран 4,4, духоўных асоб 0,4%. У 1866 у Н.п. працавала 57 прамысл. прадпрыемстваў: 34 вінакурныя, 15 цагельных, 5 шкіпінарных, 3 піваварныя. У 1900 у павеце 19 ф-к і з-даў з агульнай колькасцю 276 рабочых. У 1891 у павеце 29 царк.-прыходскіх, 33 нар. вучылішчы. З лют. 1919 Н.п. у складзе Літ.-Бел. Рэспублікі. У крас. 1919 акупіраваны польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. У 1921 пл. 2930,2 км2, 12 гмін, насельніцтва 109 820 чал., з іх беларусаў 58,8%, палякаў 35,4, яўрэяў 5,5%. 91,3% насельніцтва жыло ў вёсках. Налічвалася 846 гаспадарак асаднікаў (1933). Дзейнічалі прадпрыемствы па перапрацоўцы мясц. сыравіны і прадуктаў сельскай гаспадаркі, буйнейшае — шклозавод «Нёман». З 1939 павет у БССР, 2.12.1939 уключаны ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.