МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл.Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл.Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖГУ́ЦІКАВЫЯ, жгуціканосцы (Mastigophora),
падтып прасцейшых тыпу саркамастыгафор, па інш. сістэме — кл. тыпу прасцейшых, якія маюць жгуцікі. 2 кл. (падкл.) — раслінныя Ж., або фітамастыгіны (Phytomastigina), і жывёльныя Ж., або зоамастыгіны (Zoomastigina). 13 атр., каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных, таксама ў марскіх водах і часткова ў глебе. Ёсць паразіты жывёл і чалавека. Найб. вядомыя Ж.: апаліны, лейшманіі, лямбліі, трыпанасомы, трыхаманады, эўгленавыя водарасці, вальвоксы, хламідаманады.
Даўж. цела ад 2—5 мікраметраў (лейшманіі) да 1 мм (некат. апаліны). Форма цела верацёна-, яйца-, шарападобная, цыліндрычная і інш. Цела ўкрыта пелікулай, хіцінападобным панцырам ці абалонкай з клятчаткавых пласцінак. Жгуцікаў ад 1—8 (на пярэднім канцы) да некалькіх тысяч (па ўсім целе); даўж. іх ад некалькіх да дзесяткаў мікраметраў. Клетачнае ядро пераважна адно, ёсць двух- (лямбліі) і мнагаядзерныя (апаліны). Некат. ўтвараюць калоніі (вальвокс). Размнажэнне ў асн. бясполае (падоўжаным дзяленнем папалам). Палавы працэс па тыпу капуляцыі гамет. Паводле спосабу кармлення — аўтатрофы, гетэратрофы, міксатрофы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, працэсах самаачышчэння вады. Індыкатары забруджвання вод. Некат. выклікаюць хваробы (напр., лейшманіёз, лямбліёз. сонную хваробу).