МІГРА́ЦЫЯ (лац. migratio ад migro пераходжу, перасяляюся),

1) перамяшчэнне насельніцтва, звязанае з пераменай месца жыхарства (гл. Міграцыя насельніцтва).

2) Перамяшчэнне жывых арганізмаў, выкліканае зменамі ўмоў існавання або ў сувязі з праходжаннем цыкла развіцця (гл. Міграцыі жывёл).

3) Перамяшчэнне, пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні (гл. Міграцыя элементаў).

4) М. капіталу, гл. Вываз капіталу.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нераставая міграцыя 5/521

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Міграцыя энергіі (біял.) 2/350

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Міграцыя насельніцтва 7/170; 11/454; 12/56

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,

рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ ЭНЕ́РГІІ ў біялагічных працэсах,

пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял. сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ ЭЛЕМЕ́НТАЎ,

перамяшчэнне і пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні пры розных геахімічных працэсах. Адбываецца ў цвёрдай, вадкай і газападобнай фазах рэчыва, у выглядзе атамаў (ртуць), малекул (кісларод, азот і інш.), іонаў простых і комплексных, золей калоідных раствораў. М.э. вызначаецца ўласцівасцямі элементаў (атамаў, іх ядраў і інш.) і фіз.-хім. ўмовамі асяроддзя (т-рай, ціскам, акісляльна-аднаўленчымі працэсамі і інш.). Змена ўмоў асяроддзя — гал. прычына М.э., прыводзіць да рассеяння хім. элементаў або іх канцэнтрацыі з утварэннем прамысл. радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная М.э. назіраецца пры працэсах метасаматызму, хім. дыферэнцыяцыі ў расплавах магмы, марскіх вадаёмах і інш. На заканамернасцях М.э. базіруюцца метады геахімічных пошукаў карысных выкапняў.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ ЛАНДША́ФТУ,

галіна ландшафтазнаўства, якая вывучае састаў і міграцыю хім. элементаў у ландшафце. Узнікла ў 1940-я г. на мяжы геаграфіі і геахіміі. Заснавальнік Б.Б.Палынаў.

У большасці ландшафтаў пераважае біягенная міграцыя, якая выяўляецца ў біял. кругавароце атамаў пры ўзнікненні і распадзе арган. рэчыва. Пры гэтым сонечная энергія ператвараецца ў дзейную хім. энергію. У водах ландшафтаў пераважае фіз.-хім. міграцыя. Паводле характэрных іонаў прыродных вод адрозніваюць ландшафты кіслыя (H​+), кальцыевыя (Ca​+) і інш. Участкі зямной паверхні, дзе міграцыя хім. элементаў мае якасныя асаблівасці, вылучаюцца як геахім. ландшафты. Напр., геахім. ландшафты Бел. Палесся кіслыя, бедныя воднымі мігрантамі, з залішняй колькасцю іонаў вадароду (H​+) і жалеза (Fe​++), з недахопам ёду і інш. біялагічна важных элементаў. Асаблівасці міграцыі хім. элементаў пакладзены ў аснову геахім. класіфікацыі ландшафтаў і складання ландшафтна-геахім. картаў. Даныя геахіміі ландшафту выкарыстоўваюцца пры геахімічнай разведцы карысных выкапняў, у медыцыне, курарталогіі, пры ацэнцы навакольнага асяроддзя, для вывучэння ландшафтаў мінулых геал. эпох.

Літ.:

Перельман А.И. Геохимия ландшафта. 2 изд. М., 1975;

Лукашев К.И., Вадковская И.К. Геохимические процессы в ландшафтах Белоруссии. Мн., 1975.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУРБА́ЦЫЯ (ад лац. соп разам + urbs горад),

разнавіднасць гарадской агламерацыі, якая мае ў якасці ядра некалькі аднолькавых па памерах і значнасці гарадоў без дамінуючага. Напр., вял. колькасць гарадоў у Рурскім басейне (ФРГ). Для К. характэрна агульнасць эканам. жыцця, цесныя трансп. сувязі, маятнікавая міграцыя жыхароў.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)