Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРСКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мёрыца, у межах г. Міёры. Пл. 1,15 км², даўж. каля 3,5 км, найб.шыр. 630 м, найб.глыб. 13,2 м, даўж. берагавой лініі 8,8 км. Пл. вадазбору 63,6 км². Схілы катлавіны выш. 6—9 м, стромкія, пераважна разараныя, участкамі пад хмызняком. Берагі пясчаныя, на Пд і З пад хмызняком, на ПдУ забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. У зах. плёсе востраў пл. 4,4 га. Цэнтральны і зах. плёсы раздзелены дамбай. Злучана пратокай з воз. Асінаўка. Месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАЎКА,
возера ў Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Мёры. Пл. 1,16 км², даўж. 3,85 км, найб.шыр. 0,52 км, найб.глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Пл. вадазбору 31,1 км².
Схілы спадзістыя, на ПдУ і ПдЗ стромкія. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, на ПнУ сплавінныя. Дно карытападобнае з упадзінамі і падняццямі. У паўн. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глей і сапрапель. Расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ворань і Мёрскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НІЗІ́НА.
На Пн Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобл. Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я); паўд,зах.ч. П.н. ўздоўж р. Дзісна вядома як — Дзісенская нізіна. Мяжуе з Браслаўскай градой на 3, Латгальскім узв. на ПнЗ, Нешчардаўскім, Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі на ПнУ і У, Чашніцкай раўнінай і Свянцянскімі градамі на Пд, Ушацка-Лепельскім узв. на Пд і ПдЗ, заходзіць на тэр. Літвы і Латвіі. Выш. 130—140 м, у краявых частках да 160 м. Пл. каля 8,5 тыс.км², працягласць з ПдЗ на ПнУ да 200 км, з Пн на Пд 40—80 км.
Прымеркавана да тэктанічных структур: Вілейскага пахаванага выступу, Прыаршанскай монакліналі, Латвійскай седлавіны. Платформавы чахол складзены з пратэразойскіх і палеазойскіх комплексаў парод. Дэвонскія адклады ўсюды падсцілаюць антрапагенавую тоўшчу, а ў даліне р. Сар’янка выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча (40—100 м) складзена з адкладаў дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення ўтварылася вял. прыледавіковае Полацкае возера, дзе намнажаліся гліны і алеўрыт, ’тонка- і дробназярністыя пяскі, жвірова-галечны матэрыял. Развіццё рачной сеткі прывяло да спуску вадаёма і ўтварэння на яго месцы ўвагнутай азёрна-ледавіковай нізіны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пясок, даламіт, торф, мінер. воды.
Рэльеф сучаснай нізіны пласкахвалісты і спадзістахвалісты, ускладнены астанцамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі, дзюнамі. Паверхня слабапарэзана рачнымі далінамі, лагчынамі сцёку талых ледавіковых вод. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна з прытокамі Ужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль, Дзісна. Найб. азёры: Лісна, Ельня, Чарвятка, Ілава, Мёрскае. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C; ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя, глеістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя (алювіяльныя). Пад лесам 34% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы, участкамі захаваліся дубровы (на правым беразе Дзісны, у вярхоўях Паловіцы, Бярозаўкі), у катлавінах чорнаальховыя. на ўзлесках і курцінах сярод палёў шэраальховыя. Б.ч. карэнных хваёвых і яловых лясоў змянілася бародаўчатабярозавымі і асінавымі лясамі. Балоты нізінныя і верхавыя; найб. Ельня, Обаль-2, Стрэчна, Дабееўскі Мох. Пашыраны лугі. Пад ворывам 35% тэрыторыі. На П.н. заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Ельня, ландшафтны Казьянскі (да 1999 біялагічны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».