Мядзельскі раён 6/559; 7/233, 336—337 (к.); 9/55; 10/316
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15 — пач. 18 ст. Пабудаваны на месцы гарадзішча 11—14 ст. на востраве воз. Мястра. Складаўся з мураваных вежы, палаца і знешняга абарончага комплексу. Меў круглую ў плане вежу-данжон. Яе знешні дыяметр 17,5 м, унутраны — 10 м, таўшчыня сцен каля 3,5 м. Паводле малюнка з карты ВКЛ (1613) Т.Макоўскага вежа мела некалькі (верагодна, 5) ярусаў і дасягала выш. 30 м. Па сваіх параметрах яна была блізкая да Камянецкай вежы. У 16 ст. да вежы з З прыбудаваны прамавугольны мураваны палац. Пляцоўка М.з. была абведзена мурам з валуноў на вапне. З усх. боку таўшчыня замкавых муроў 2 м, з астатніх бакоў, прыкрытых возерам, — 1,5—1,7 м. Асн. ўпор у абароне замка рабіўся на 5 мураваных паўкруглых бастэй, разлічаных, відаць, на размяшчэнне тут гармат для стральбы ўздоўж сцен. Бастэі М.з. лічацца самымі раннімі на Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам. У паўд.-ўсх. куце замка выяўлены падмурак цыліндрычнай вежы дыяметрам 10 м і сцены 2-метровай таўшчыні. На малюнку Макоўскага зафіксаваны 3 вежы. На замкавым дзядзінцы стаялі гасп. пабудовы, жылыя дамы. У 17 ст. замак дадаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны — земляным валам з бастыёнамі і ровам, які запаўняўся вадой з возера. Бастыён і вал адсутнічалі толькі з усх. боку, дзе да замка блізка падступала возера. Сувязь з берагам ажыццяўлялася па драўляным мосце на палях. М.з. — прыклад спалучэння асаблівасцей зах.-еўрап. фартыфікацыі з мясц. абарончымі элементамі. Разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мядзельскі падпольны райком КП(б)Б 9/59
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Мядзельскі падраённы камітэт КПЗБ 7/336
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Мядзельскі музей народнай славы 7/235, 304, 336
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛАВЫ.
Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г. Мядзел Мінскай вобл.Пл. экспазіцыі 412 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў калекцыі знаходак з археал. помнікаў раёна, планы маёнткаў, выданні Зах. Беларусі, у т. л.КПЗБ і КСМЗБ, матэрыялы пра нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935, дзейнасць Бел.сял.-работніцкай грамады, Т-вабел. школы, стварэнне калгасаў, дзейнасць партызан і падпольшчыкаў у Вял.Айч. вайну, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час, пра славутых землякоў нар. паэта М.Танка, мастака В.П.Шаранговіча, актрысу М.Г.Захарэвіч і інш. У экспазіцыі драўляныя разныя, карункавыя, вязаныя вырабы мясц. майстроў. З 1991 дзейнічае аддзел музея ў школе № 1, прысвечаны бел. паэту У.М.Дубоўку і гісторыі школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мядзельскі Савет сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў 7/336
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл.Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.Аскеркі, Ф.Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.
Працуюць хлебазавод, камбінат каап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.