МЮО́НІЙ, мезоній,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.
Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3∙10−6 эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл. Мезонная хімія).
т. 11, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НІЙ,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона; тое, што мюоній.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮО́НЫ, мю-мезоны,
нестабільныя зараджаныя элементарныя часціцы, якія маюць спін ½, час жыцця 2,2∙10−6 с і масу прыкладна ў 207 разоў большую за масу электрона; адносяцца да лептонаў. Адмоўна зараджаны (μ−) і дадатна зараджаны (μ+) М. з’яўляюцца антычасціцамі адзін аднаго.
Эксперыментальна выяўлены ў касм. праменях амер. фізікамі К.Андэрсанам і С.Недэрмаерам (1936—37). Асн. крыніцы М. — распад піонаў і каонаў (гл. Мезоны), якія інтэнсіўна нараджаюцца пры сутыкненнях адронаў, працэс нараджэння пар μ− μ+ фатонамі высокіх энергій, распады гіперонаў, «зачараваных» часціц і інш. Па сваіх уласцівасцях ва ўсіх вядомых узаемадзеяннях μ− паводзіць сябе аналагічна электрону, ад якога адрозніваецца толькі масай (μ — е-універсальнасць). Слабае ўзаемадзеянне М. выклікае іх распад на электрон (ці пазітрон) і адпаведнае нейтрына, што вызначае час жыцця М. у вакууме. У рэчыве павольныя М. страчваюць энергію на іанізацыю атамаў і могуць спыняцца. Пры гэтым μ− прыцягваецца ядром атама і ўтвараецца мезаатам, а μ+ далучае да сябе электрон і ўтвараецца мюоній.
І.С.Сацункевіч.
т. 11, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,
раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ− мюонам, π−- ці K−-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.
Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π−- і μ− М.х., вывучэнне паводзін μ+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π−- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π−-мезона на пратонах π− + p → n + π0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ−- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ−-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама від хім. злучэння гэтых элементаў. μ+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.
Літ.:
Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;
Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)