МУСНІ́ЦКІ ((Muśnicki) Нікодам) (16.2. 1765, Літва — 16.1.1805),

польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.

А.В.Мальдзіс.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКІ ((Dowbor-Musnicki) Юзаф Рамуальдавіч) (25.10.1867, мяст. Гарбаў Сандамірскага пав. Радамскай губ. — 28.10.1937),

рускі і польскі ваен. дзеяч, ген.-лейт. рус. арміі (1917), ген. броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць сав. улады на Беларусі ў 1918. Скончыў Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны. У час 1-й сусв. вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўн. франтах. У снеж. 1916 загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго пераведзены на Зах. фронт камандуючым 38-м арм. корпусам 10-й арміі. У крас. 1917 выведзены са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У ліп. 1917 арганізаваў на Зах. фронце 1-ы польскі корпус. 25.1.1918 аб’явіў вайну Сав. Рэспубліцы (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918). З канца 1918 служыў у польскім войску. У 1919 арганізатар і камандуючы польск. войскамі ў час антыгерм. паўстання ў т.зв. прускай Польшчы. Аўтар мемуараў пра дзейнасць 1-га польск. корпуса на Беларусі.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Доубар-Мусніцкі І. Р. 3/256, 543; 4/260, 261; 9/575, 593; 10/63; 12/136

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19, Велікапольскае паўстанне,

польскае ўзбр. нац.-вызв. паўстанне на зах. ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.

Літ.:

Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.

Н.К.Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,

антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.

Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.

У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс. чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав. ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)