Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб.шыр. 260 м, найб.глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 кмПл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р.Мурожніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Уладзімір Усцінавіч) (н. 25.4.1949, в.Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІЦА, мурожніца (Festuca),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і халодных паясах Зямлі, у субтропіках і горных сістэмах тропікаў. На Беларусі 12 дзікарослых і 8 інтрадукаваных відаў. Дзікарослыя — аўсяніца авечая (Festuca ovina), валіская (Festuca valesiaca), высокая (Festuca altissima), гіганцкая (Festuca gigantea), дзюнная (Festuca sabulosa), лугавая (Festuca pratensis), несапраўдная авечая (Festuca pseudovina), палеская (Festuca polesica), Рэгеля (Festuca regeliana), танкалістая (Festuca tenuifolia), чырвоная (Festuca rubra), шурпаталістая (Festuca trachyphylla); інтрадукаваныя — аўсяніца альпійская (Festuca alpina), аметыставая (Festuca amethystina), баразнаватая (Festuca sulcata), блакітная (Festuca pallens), прысадзістая (Festuca supina), разналістая (Festuca heterophylla), стракатая (Festuca varia), трысняговая (Festuca arundinacea). Па ўсёй тэрыторыі ў сухіх хвойніках, на сухадольных лугах, палянах, узлесках, травяных схілах і каля дарог трапляюцца аўсяніца авечая, лугавая, чырвоная, шурпаталістая; у цяністых лясах расце аўсяніца гіганцкая; пераважна на Пд на сухіх лугах, у разрэджаных лясах, на пясчаных грывах у поймах рэк трапляецца аўсяніца несапраўдная авечая, на пясчаных агаленнях і дзюнах — аўсяніца палеская, на саланцаватых лугах — аўсяніца Рэгеля. Рэдкія віды аўсяніцы — валіская, высокая, дзюнная і танкалістая — занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны, утвараюць шчыльныя дзярніны або маюць паўзучыя падземныя парасткі. Сцяблы прамастойныя, выш. 10—150 см, з замкнёнымі ці расшчэпленымі похвамі, ланцэтападобнымі вушкамі або без іх, з пераважна кароткімі язычкамі. Лісце лінейнае, пляскатае, складзенае ўдоўж ці згорнутае ў вузкія трубачкі, звычайна шурпатае або валасістае, рэдка голае і гладкае. Суквецці — слабараскідзістыя, сціснутыя і гронкападобныя шматкаласковыя мяцёлкі. Каласкі 2—15-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка звычайна з кароткім асцюком. Плод — зярняўка. Амаль усе віды аўсяніцы — кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для пашы, газонаў і інш. Выведзены шматлікія сарты розных відаў аўсяніцы. Некат. віды замацавальнікі рухомых пяскоў і пясчаных схілаў, дэкар. расліны.