МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.

Т.​І.​Чарняўская.

Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІ́БАВА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.

Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».

В.​У.​Шаблюк.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:

Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)