рэформы моўныя

т. 14, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́НЫ МО́ЎНЫЯ,

разнастайныя моўныя працэсы, якія прыводзяць да адрозненняў пэўнай мовы ад яе самой у папярэднія часы. Знешнія З.м. ахопліваюць змены ў адносінах грамадства да мовы (напр., пашырэнне ці звужэнне грамадскіх функцый мовы, распаўсюджванне пэўнай мовы на іншамоўных тэрыторыях, наданне мове статусу дзярж. або рабочай мовы і інш.). Унутраныя З.м. аб’ядноўваюць змены ў самой моўнай сістэме: у фанетыцы і фаналогіі (напр., развіццё дзекання і цекання ў бел. мове, змена тыпаў націску ў гісторыі слав. моў), у граматыцы (напр., выпрацоўка ў індаеўрап. мовах мадэлей складаназалежных сказаў, страта скланення назоўнікаў у балг., франц. і англ. мовах), у лексіцы і фразеалогіі (напр., станаўленне тэрміналогій), стылістыцы (напр., фарміраванне канцылярска-юрыд. стылю старабел. мовы ў справаводстве, дзелавых актах і Статутах ВКЛ). У канкрэтных мовах асобныя З.м. падпарадкоўваюцца заканамернасцям моўнай дыяхраніі і могуць прыводзіць да моўнай дывергенцыі або канвергенцыі, а таксама да змен тыпалагічнага характару (гл. Тыпалогія моўная).

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,

узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.

Літ.:

Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;

Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;

Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;

Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКО́ДЭР (англ. vocoder),

сістэма тэлефоннай сувязі, у якой моўная інфармацыя перадаецца кадзіраванымі сігналамі. На перадавальным баку з дапамогай аналізатараў гуку моўныя сігналы пераўтвараюцца ў кадзіраваныя, на прыёмным — сінтэзатар узнаўляе з іх моўныя сігналы. Павялічвае прапускную здольнасць ліній сувязі ў 10—13 разоў.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ЕНКАВА (Аляксандра Фядотаўна) (н. 19.8.1921, в. Сямёнаўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

рускі і бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976), праф. (1978). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1944). З 1948 выкладала ў Чарнавіцкім (Украіна) ун-це, у 1953—95 — у БДУ. Даследуе моўныя кантакты на дыялектным узроўні. Аўтар кніг «Лексіка рускіх гаворак Беларусі» (1973), «Руска-беларускія моўныя адносіны» (1978), «Слоўнік рускіх гаворак Беларусі» (1989), «Руская дыялекталогія» (1992) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,

аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.​Я.​Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел. літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.

В.​К.​Шчэрбін.

Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЎСКІ ((Ossowski) Лешак) (1.4.1905, Варшава — 10.2.1996),

польскі мовазнавец, славіст, даследчык бел. мовы. Д-р усходнеслав. філалогіі (1945), праф. (1964). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнанскім і Ягелонскім ун-тах. Заг. кафедры рус. мовы Вроцлаўскага (з 1946) і рус. філалогіі Пазнанскага (1964—75) ун-таў. Аўтар навук. прац па слав. дыялекталогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовы, у т. л. «Моўныя праблемы Палесся» (1936), «З беларускай фанетыкі...» (1938), «Пераход «ы» ў «у» пасля губных у некаторых паўднёва-беларускіх гаворках» (1934) і інш. Даследаваў храналогію дзекання і цекання, гісторыю асобных марфал. формаў слоў, прасочваў сувязі Палесся з Валынню, спрабаваў вызначыць укр.-бел. моўную мяжу, бел.-польскія моўныя кантакты.

Тв.:

Studia slawistyczne. Wrocław etc., 1992.

Літ.:

Колесаў У.В., Пазухін Р.В. Беларусістыка і славістыка ў працах прафесара Лешка Асоўскага // Бел. лінгвістыка. Мн., 1977. Вып. 11.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ у мовазнаўстве,

пазіцыйнае зняцце проціпастаўлення элементаў моўнай структуры. Напр., у бел. мове проціпастаўленне зычных па глухасці—звонкасці нейтралізуецца ў канцы слова («грып» і «грыб» вымаўляюцца аднолькава). Н. — адзін з важных сістэмаўтваральных фактараў, які звязвае асобныя моўныя элементы, іх апазіцыі і карэляцыі ў цэласную сістэму. Тэорыю Н. распрацаваў М.​С.​Трубяцкой.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕШАЎ (Іван Якаўлевіч) (н. 23.10. 1924, в. Іскозы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1985), праф. (1987). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1971 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Даследуе фразеалогію, мову маст. л-ры, культуру мовы і маўлення. Аўтар прац «Фразеалогія ў творах К.​Крапівы» (1976), «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981), «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984), «Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне» (1995, з М.​А.​Якалцэвіч). Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка для сярэдняй школы» (1973, з Н.​В.​Гаўрош і Ф.​М.​Янкоўскім), «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (ч. 1—2, 1981—93), слоўніка «З народнай фразеалогіі» (1991), «Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—2, 1993), «Слоўніка беларускіх прыказак» (1996, з Якалцэвіч), вучэбных дапаможнікаў.

Тв.:

Моўныя самацветы. Мн., 1985; Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989; Фразеалогія сучаснай беларускай мовы. Мн., 1998; У слоўнікавую скарбонку. Гродна, 1999.

т. 9, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)