МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),

бел. паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял. Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.

Тв.:

Гады, як ветразі. Мн., 1959;

Вершы. Мн., 1973.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Моркаўка А. А. 6/562; 7/292; 12/554, 676

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.​Кудзелька (М.​Чарот), А.​Ажгірэй (А.​Вольны), М.​Арэхва, У.​Ігнатоўскі, М.​Зарэцкі, М.​Адзінец, А.​Дудар, І.​Барашка, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Моркаўка, А.​Сянкевіч і інш.

На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст. буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.​Гартны, З.​Бядуля, А.​Гурло), маладнякоўцаў (М.​Чарот, К.​Чорны, А.​Дудар, А.​Вольны, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Пушча, П.​Трус, А.​Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.​Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.​Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.​Чарвякова, М.​Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.​Вальфсона, М.​Гарэцкага, Ю.​Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.​Каспяровіча, У.​Пічэты, С.​Скандракова, А.​Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.

Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.​Бандарына, Барашка, Я.​Бобрык, П.​Броўка, А.​Вечар, Галавач, К.​Губарэвіч, І.​Гурскі, У.​Жылка, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Ю.​Лявонны, Б.​Мікуліч, Моркаўка, М.​Нікановіч, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, Я.​Туміловіч, У.​Хадыка, М.​Хведаровіч, С.​Хурсік, Н.​Чарнушэвіч, С.​Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.​Чарот, А.​Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.​Глыбоцкага (А.​Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.​Гародні, Галавача, Р.​Мурашкі, Барашкі, У.​Бухаркіна, С.​Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.​Барычэўскага, П.​Бузука, Гарэцкага, А.​Некрашэвіча, М.​Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.​Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.​Астапенкі, Галавача, Ц.​Гартнага, Мікуліча, Э.​Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.​Бэцдэ, А.​Кучар і інш.).

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»). Мн., 1962;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

У.​М.​Конан.

Вокладка часопіса «Маладняк». 1924.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)