«ДЖЭ́НЕРАЛ МО́ТАРС КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(General Motors Corporation),

аўтамабільны канцэрн ЗША. Адзін з найб. вытворцаў аўтамабіляў у свеце. Засн. ў 1916, адміністрацыя ў г. Дэтройт. Звязана з фін. групай Моргана. Налічвае больш за 150 прадпрыемстваў у ЗША, філіялы, зборачныя цэхі ў 35 краінах свету, у т.л. ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Мексіцы. Выпускае легкавыя аўтамабілі розных марак («Б’юік», «Кадылак», «Пантыяк», «Олдсмабіл», «Шэўрале»), грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, дызельныя лакаматывы і інш. У 1985 «Дж.м.к.» заснавала новую кампанію пад назвай «Сатурн карпарэйшэн», якая выпускае мікралітражныя аўтамабілі.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖЭ́НЕРАЛ ЭЛЕ́КТРЫК КО́МПАНІ»

(General Electric Company),

буйнейшая ў ЗША прамысл. карпарацыя па электроніцы. Засн. ў 1892 шляхам аб’яднання «Эдысан джэнерал электрык компані» і «Томсан-Хаўстан электрык компані». Штаб-кватэра ў г. Скенектады (штат Нью-Йорк). Кантралюецца фін. групай Моргана. Мае філіялы больш як у 50 краінах свету. Звязана з герм. (удзел у канцэрнах «Осрам» і АЭГ) і брыт. (удзел у канцэрне «Асашыэйтэд электрыкал індастрыс») прам-сцю. Прадукцыя карпарацыі ахоплівае амаль усе галіны машынабудавання, электронікі і электратэхн. прам-сці і інш.: турбіны, лакаматывы, станкі, інструменты, тэлекамунікацыйнае, электратэхн. і электрасілавое абсталяванне, ядзерныя рэактары, ракеты, мед. тэхніка, сінт. алмазы, пластмасы, фарбы, электралямпы і інш. У час 2-й сусв. вайны на з-дах «Дж.э.к.» была зроблена атамная бомба.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»

(E.I. Du Pont de Nemours and Company),

буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.І.Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙОРК (New York),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс. ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн. ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас. Вял. Н.-Й. 19938 тыс. ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс. км2) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т.л. міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал. гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць прамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г. гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.

Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв. гандл. цэнтра і Сусв. фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.

У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т.л. Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-ка ААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр. б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».

Літ.:

Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ. М., 1968;

Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.

Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.
Ныо-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.
Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.

т. 11, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)