МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Малодшы Гельмут Іаган Людвіг
(25.5.1848, Герсдорф, Германія — 18.6.1916),
германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. Граф. Пляменнік Г.Мольтке Старэйшага (яго ад’ютант з 1880). Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. З 1903 ген.-кватэрмайстар. У 1906—14 нач. Генштаба. Правёў шэраг рэформ у арміі. Адзін з актыўных удзельнікаў развязвання 1-й сусв. вайны, пры падрыхтоўцы да якой паклаў у аснову задумы свайго папярэдніка ген.-фельдмаршала А.фон Шліфена (разгром франц. арміі гал. сіламі і абарона ва Усх. Прусіі, а потым удар па Расіі). Аднак пры разгортванні герм. арміі ў 1914 аслабіў правае крыло армій Зах. фронту, якія наносілі гал. ўдар па Францыі, і павялічыў сілы на левым крыле, а таксама ва Усх. Прусіі. Гэта адмоўна адбілася пры правядзенні 1-га этапа вайны. У час Марнскай бітвы 1914 (гл. Марнскія бітвы ў першую сусветную вайну), калі быў нач. генштаба і адначасова нач. штаба Стаўкі (фактычна галоўнакаманд.), страціў кіраванне войскамі, што прывяло да паражэння герм. армій на Зах. фронце. 14.9.1914 адхілены ад пасады. З 1915 нам. нач. Генштаба.
А.М.Лукашэвіч.
т. 10, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард
(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),
прускі і герм. ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм. ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».
Тв. : Рус. пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.
А.М.Лукашэвіч.
т. 10, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫ ў першую сусветную вайну,
1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц. войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд. ген. Ж.Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд. ген. Х.Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм. стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл. Усходне-Пруская аперацыя 1914).
2) Бітва паміж франц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп. франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд. ген. Ф.Фош) герм. сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп. франц. войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Страты герм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс. чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.
т. 10, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)