Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,
помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб. дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.
Літ.:
Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАВА,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Пінск — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Іванава, 152 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 949 ж., 443 двары (1999). Цагельны з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У канцы 18 — пач. 20 ст. тут існаваў Моладаўскі палац. Помнікі архітэктуры — Свята-Вазнясенская царква (канец 18 ст.) і Моладаўская капліца. Гл. таксама Моладаўскі звон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎСКІ РАЁН,
на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 6.1.1965). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 51,1 тыс.чал. (1997), гарадскога 31,3%. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Іванава, 102 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Адрыжынскі, Бродніцкі, Гарбахскі, Дастоеўскі, Дружылавіцкі. Крытышынскі, Ляскавіцкі, Махроўскі, Моладаўскі, Мотальскі, Опальскі, Псышчаўскі, Рудскі, Снітаўскі, Стрэльненскі.
Паўн і паўд. часткі раёна заняты зах. ускраінай Прыпяцкага Палесся, у цэнтры — раўніна Загароддзе. Паверхня плоскараўнінная, 57% тэр. на вышыні 150—170 м. Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліна, мел, буд. пяскі, жвірова-пясчаная сумесь. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 609 мм за год Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн працякае р. Ясельда, на Пд — Піна з прытокамі Няслуха і Піліпаўка; Дняпроўска-Бугскі канал; меліярац. каналы Завішчанскі, Заазерны, Залядынскі, Моладаўскі, Ясельдаўскі; азёры Акуніна, Безуменнік, Завішчанскае, Мотальскае, Мульнае, Пясчанае, Скупое; вадасх. Джыдзінне і Крытышын. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (43%), тарфяна-балотныя (25,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,8%). Пад лесам 28,3% тэр. Лясы хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца шыракалістыя, з іх 40% штучных насаджэнняў. Балоты займаюць 4,3% тэр.Рэсп.біял. заказнік Спораўскі, заказнікі мясц. значэння Аброва і Завышанскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 88,4 тыс.га, з іх асушаных 53,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, с.-г. кааператыў, птушкаплемрэпрадуктарная гаспадарка, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжа, бульбу, цукр. буракі. Прадпрыемствы харч., дрэва- і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Гомель і Брэст—Мінск, нафтаправод «Дружба». У раёне 24 сярэднія, 18 базавых, 17 пач., 6 муз., спарт. школы, 20 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 57 б-к, 3 бальніцы, 12 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты, раённая паліклініка, санаторый «Алеся». Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанскія цэрквы 19 ст. ў вёсках Бродніца і Варанцэвічы; царква Параскевы Пятніцы (1802) у в. Гнеўчыцы; Мікалаеўская царква (1777) у в. Дружылавічы; Прачысценская царква (да 1783) і сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920) у в. Ляскавічы; царква Ушэсця 19 ст. ў в. Ляхавічы; Петрапаўлаўская царква (1792) у в. Махро; капліца пач. 20 ст. і царква 19 ст. ў в. Моладава; Праабражэнская царква (1888) у в. Моталь; царква Параскевы Пятніцы (2-й пал. 18 ст.) у в. Опаль; Успенская царква 19 ст. ў в. Рудск; царква Аляксандра Неўскага (1800) у в. Стрэльна; двары аднараднага пагоннага тыпу на адной сядзібе (пач. 20 ст.) у в. Шчакоцк. Выдаецца газ. «Чырвоная звязда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВОН,
найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.
У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст.Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.
На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт.Урочышча Гай, Хатынь).
Літ.:
Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.