Мнагамерная прастора 7/280; 8/558
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАМЕ́РНАЯ ПРАСТО́РА,
прастора, размернасць якой перавышае 3. Напр., Мінкоўскага прастора-час мае размернасць 4. Мае дастасаванні ў матэм. аналізе, фізіцы. Выкарыстоўваюцца больш агульныя М.п. — n-мерныя вектарныя прасторы, n-мерныя мнагастайнасці і інш.
Паняцці звычайнай 3-мернай эўклідавай прасторы абагульняюцца на выпадак большага ліку вымярэнняў. Напр., у n-мернай эўклідавай прасторы En пункт задаецца каардынатамі x1, x2, ... , xn, якія могуць прымаць любыя сапраўдныя значэнні. Адлегласць паміж пунктамі M(x1, x2, ..., xn) і M′(x′1, x′2, ..., x′n) вызначаецца паводле формулы
уводзяцца таксама паняцці лініі, прамой, адрэзка прамой, паверхні, k-мернай плоскасці і інш.
т. 10, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ША ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».
т. 11, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́РНАСЦЬ у геаметрыі,
колькасць каардынат, неабходных для вызначэння адвольнага пункта геам. фігуры. Напр., месцазнаходжанне пункта на лініі вызначаецца адной каардынатай (Р. лініі роўная 1), на паверхні — дзвюма (Р. паверхні роўная 2), у 3-мернай прасторы — трыма. Р. канечнамернай вектарнай прасторы роўная ліку вектараў яе базісу. У тапалогіі паняцце геам. Р. абагульняецца на адвольныя прасторы (мноствы): пустое мноства мае Р., роўную -1; Р. прасторы X — найменшы цэлы дадатны лік п, такі, што кожны пункт з X мае адвольна малое наваколле з Р. межаў, меншай за п. Гл. таксама Мнагамерная прастора.
т. 13, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РА ў матэматыцы,
лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.
Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл. Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.
т. 13, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)