Мнагазначныя логікі 1/118; 3/194; 5/70; 7/83, 280

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,

лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.​Шамякін).

Літ.:

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЫ,

сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.

М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз. калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,

умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст. эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.

Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.​Байрана, П.​Б.​Шэлі, М.​Агарова, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Ліста, А.​Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.​А.​Моцарта, апавяданне Э.Т.​А.​Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.​Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.​Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.​Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.​В.​Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.​Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.

Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г. найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа).

Літ.:

Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)