АДЗНА́КА,

1) метка, знак, пастаўленыя, каб абазначыць што-н., паказаць на што-н.

2) Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што-н.

3) Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і інш. 4) Агульнапрынятая ацэнка ступені ведаў і паводзін навучэнцаў.

5) Ганаровы знак, ордэн, медаль і інш.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІМА́Н ((Selimand) Франсуа) (? — 1800),

французскі майстар-ткач залататканых паясоў. Запрошаны А.​Тызенгаўзам з Ліёна на Гродзенскую персіярню ў 1774, якой кіраваў да 1778, на гэты час прыпадае росквіт персіярні. Стварыў новы тып пояса, дзе, не парушаючы велічыні, падзелу і арнаментальнай структуры слуцкага пояса, удала спалучыў традыц. ўсх. арнамент і ўзоры франц. арнаменту 18 ст. Паясы С. адметныя гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкасцю малюнка, вытанчанасцю каларыту. Працаваў таксама ў Кабылцы пад Варшавай (да 1787), з 1794 у Корцу на Валыні ў кн. Чартарыйскіх. На многіх паясах работы С. ёсць метка «F.S.».

Дз.​С.​Трызна.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПЕР (ад франц. repére метка, знак, зыходны пункт),

1)у геадэзіі — знак, які замацоўвае пункт зямной паверхні з вядомай абсалютнай вышынёй, вызначанай нівеліраваннем адносна зыходнай узроўневай паверхні. Адрозніваюць фундаментальныя Р. (жалезабетонныя пілоны), якія закладваюць у грунт праз 50—80 км на нівелірных лініях 1-га класа, на найб. адказных лініях 2-га класа і каля найважнейшых марскіх вадамерных установак), і радавыя Р. (грунтавыя — устанаўліваюцца ў зямлі і сценавыя — замацоўваюцца ў сценах або цокалях доўгатэрміновых збудаванняў), што закладваюць праз 5—7 км на нівелірных лініях усіх класаў. На Р. замацоўваецца метал. дыск — марка (дыям. да 5 см) з нумарам і абрэвіятурай ведамства. Гл. таксама Геадэзічныя знакі.

2) Р. у артылерыі — дапаможны пункт прыстрэлкі артыл. гармат з мэтай перанясення агню для паражэння цэлі. Адрозніваюць Р. сапраўдны (прыстрэленая цэль або мясц. прадмет з дакладна выверанымі каардынатамі) і фіктыўны (цэнтр з 4—6 разрываў снарадаў, каардынаты якога вымераны дакладна).

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)