Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Метагенез (у геалогіі) 1/501; 6/389, гл. Эпігенез
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГЕНЕ́З (ад мета... + ...генез) у біялогіі, адна з форм чаргавання пакаленняў, пры якой пакаленні асобін, што размнажаюцца палавым шляхам, змяняюцца на пакаленні асобін, якія размнажаюцца бясполым шляхам. Характэрны для кішачнаполасцевых, некат. плоскіх і кольчатых чарвей. Напр., у эхінакока ў кішэчніку асн. гаспадара адбываецца выспяванне яец (палавое размнажэнне), а ў целе прамежкавага гаспадара ўтвараецца лічынка (фіна), унутры якой пачкаваннем фарміруюцца даччыныя пузыры з галоўкамі чарвей (бясполае размнажэнне). Кожная галоўка ў кішэчніку асн. гаспадара дае пачатак новай стужачнай форме.
Р.Г.Заяц.
т. 10, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГЕНЕ́З,
сукупнасць працэсаў пераўтварэння асадкавых горных парод пры іх апусканні ў глыбокія гарызонты літасферы ва ўмовах нарастання ціску і т-ры; заключная стадыя літагенезу, якая апераджае працэсы метамарфізму. На стадыі М. працягваецца пераўтварэнне асадкавых парод, пачатае на стадыях дыягенезу і катагенезу. У адрозненне ад катагенезу працэсы М. працякаюць пры больш высокай т-ры (300—450 °C) і геастатычным ціску (400—600 МПа), сярод іх вял. роля стрэсавых дэфармацый і цвердафазавых рэакцый. На стадыі М. фарміруюцца бластычныя, шыпападобныя і катакластычныя структуры, тэкстуры кліважу і крышталізацыйнай сланцаватасці. У выніку працэсаў М. ўтвараюцца кварцыта-пескавікі, кварцыты, філітападобныя сланцы, мармурызаваныя вапнякі і даламіты, графітызаваныя антрацыты.
А.А.Махнач.
т. 10, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА... (ад грэч. meta за, паміж, пасля), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае пераход да чаго-небудзь інш., змену стану, ператварэнне (напр., метагенез, метамарфоза).
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГЕНЕ́З (ад літа... + ...генез),
сукупнасць прыродных працэсаў утварэння і пераўтварэння асадкаў і асадкавых горных парод у нетрах. Асн. фактары Л. — тэмпература, ціск, падземныя воды і арган. рэчывы. Вылучаюць 3 стадыі Л. (дыягенез, катагенез і метагенез), якім адпавядаюць аднайменныя зоны ў асадкавым чахле. Зоны Л. мяжуюць з зонамі седыментагенезу ці гіпергенезу ўверсе і зонай метамарфізму ўнізе.
Літ.:
Байков А.А., Седлецкий В.И. Литогенез (мобилизация, перенос, седиментация, диагенез осадков). Ростов н/Д, 1997;
Страхов Н.М. Основы теории литогенеза. Т. 1—3. М., 1960—62.
А.А.Махнач.
т. 9, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
т. 7, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)