МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,

астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл. Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.

Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕР (Rømer, Roemer) Оле Крыстэнсен (25.9.1644, г. Орхус, Данія — 19.9.1710), дацкі астраном. Праф. Капенгагенскага ун-та (1681). На падставе вынікаў назіранняў руху спадарожнікаў Юпітэра ўпершыню вызначыў скорасць святла (1675). Вынайшаў і сканструяваў некалькі астр. інструментаў (мерыдыянны круг, пасажны інструмент і інш.), з дапамогай якіх вызначыў нябесныя каардынаты (схіленні і прамыя ўзыходжанні) больш за 1 тыс. зорак.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966;

Голин Г.М. Филонович С.Р. Классики физической науки. М., 1989.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ АН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,

навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.

Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125 ± 0,055; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.

Літ.:

Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)