МЕНЮ́ (франц. menu),
1) набор страў на абед, снеданне і інш.; лісток з пералікам такіх страў у сталовай, рэстаране, кафэ.
2) М. ў інфарматыцы — спіс варыянтаў (рэжымаў, каманд, адказаў ці інш.), якія выводзяцца на экран дысплея і прапануюцца карыстальніку на выбар. Выбраны варыянт вызначае наступнае дзеянне сістэмы, напр., персанальнай ЭВМ.
т. 10, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГІТА́ЙЗЕР (англ. digitizer),
перыферыйная прылада ЭВМ для ўводу графічнай інфармацыі з неферамагнітных носьбітаў (карты і планы мясцовасці, чарцяжы, графікі і інш.). Дазваляе ўводзіць факсімільную і рукапісную інфармацыю, рашаць задачы ідэнтыфікацыі аб’ектаў, працаваць з меню камандаў, кіраваць маркёрам на экране дысплея і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах уводу інфармацыі ў банкаўскай і дзелавой галінах, крыміналістыцы і інш. замест буйнафарматных сканераў з мех. прыводам каардынатнай прывязкі.
Д. мае планшэт, на якім размяшчаецца зыходны матэрыял, і элемент здымання інфармацыі (паказальнік каардынат); каардынатная сістэма Д. мадэлюецца рознымі фіз. палямі (м.-магн., акустычным, рэзістыўным і інш.). Паказальнікі каардынат бываюць стрыжнёвай канструкцыі з пішучымі наканечнікамі (або без іх) ці сплошчанай формы з аптычна празрыстымі візірнымі перакрыжаваннямі (часам з дадатковымі прыстасаваннямі павелічэння і падсвечвання відарысаў). Стрыжнёвыя паказальнікі могуць быць адчувальнымі да сілы націскання (да 256 градацый, якім могуць адпавядаць таўшчыня ліній, колер і яго адценні ў палітры і інш.); маюць 1—2 (курсоры — да 16) кнопкі кіравання рэжымам уводу інфармацыі. Раздзяляльная здольнасць Д. да 0,0125 мм, дакладнасць да 0,1 мм, скорасць уводу інфармацыі не менш як 100 пунктаў за секунду. На Беларусі Д. распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.
Літ.:
Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985.
Г.І.Аляксееў.
т. 6, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)