Менелік II 1/135; 11/492, 493
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕЛІК II, Мынілік (уласнае Сахле-Мар’ям; 17.8.1844, г. Анкабэр, Эфіопія — 12.12.1913),
імператар Эфіопіі [1889—1909]. Сын негуса (правіцеля) вобл. Шоа. З 1865 негус Шоа. Пасля гібелі імператара Іаханыса IV [1872—89] абвясціў сябе імператарам Эфіопіі. 1.3.1896 разбіў італьян. войскі пры Адуа, дамогся прызнання еўрап. дзяржавамі незалежнасці Эфіопіі. Пашырыў тэр. краіны да яе сучасных межаў. Ажыццяўляў палітыку цэнтралізацыі Эфіопіі, задушыў рэгіянальны сепаратызм, правёў шэраг адм. рэформ, садзейнічаў буд-ву дарог, развіццю гандлю, пры ім было створана рэгулярнае войска і ўведзена нац, валюта.
Літ.:
Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971.
т. 10, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс. італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Літ.:
Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 7, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)