МАКА́РТНІ ((McCartney) Джэймс Пол) (н. 18.6.1942, г. Ліверпуль Ліверпул*, Вялікабрытанія),

англійскі эстрадны і рок-спявак, кампазітар. З 1959 у квартэце «Бітлз» (бас-гітара, клавішныя, труба). Пасля 1970 выступаў і запісваў альбомы з групай «Уінгз» (1971—81), Дж.​Харысанам, Р.​Старам, М.Джэксанам і інш. Сярод лепшых сольных альбомаў «Ансамбль у руху» (1973), «Уінгз» вакол Амерыкі» (1976), «Усё лепшае» (1986), «Зноў у СССР» (1987, 1989), «Па-над зямлёй» (1993). Яго музыцы ўласцівы выключны меладызм, найб. яскрава выяўлены ў песнях «Учора», «Няхай будзе так», «Мыс Кінтайр» і інш. Аўтар «Ліверпульскай араторыі» (1991, першы твор у жанры класічнай музыкі). У 1996 М. нададзены тытул рыцара.

Літ.:

Багиров А «Битлз» — любовь моя. Мн., 1993;

Benson R. Paul McCartney Behind the Myth. London, 1992.

Я.​У.​Новікаў.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРСТО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (1.3.1799, б. маёнтак Селівёрстава, Мічурынскі р-н Тамбоўскай вобл., Расія — 17.9.1862),

рускі кампазітар, тэатр. дзеяч. У 1825—60 служыў у маскоўскіх т-рах (яго дзейнасць называлі «эпохай Вярстоўскага»). Адзін з заснавальнікаў жанру рус. оперы-вадэвіля (больш за 30). Найб. папулярная опера «Аскольдава магіла» (1835) — лепшая рус. опера даглінкаўскага перыяду, адзін з узораў муз. рамантызму. Ёй уласцівы нац. каларыт, драм. выразнасць, яркі меладызм музыкі, засн. на бытавым матэрыяле (выкарыстанне інтанацый гар. раманса і інш.). Сярод інш. твораў: оперы «Пан Твардоўскі» (1828), «Вадзім, ці Абуджэнне 12 спячых дзяўчат» (1832), «Туга па радзіме» (1839), «Чурава даліна, ці Сон на яве» (1844), «Грамабой» (1857); кантаты, фп. п’есы, хары, балады, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Доброхотов Б. А.​Н.​Верстовский. М.; Л., 1949;

Яго ж. А.​Н.​Верстовский и его опера «Аскольдова могила». М., 1962.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХЛЕ́ЎНЫ (Леанід Канстанцінавіч) (н. 16.1.1947, г. Гродна),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1998), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас А.Багатырова). З 1976 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, у 1978—89 муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», з 1990 маст. кіраўнік ансамбля нар. музыкі «Бяседа» Белтэлерадыёкампаніі. Яго творчасці ўласцівы дэмакратычнасць муз. мовы, яркі меладызм, спалучэнне нац. характэрнасці і сучасных сродкаў муз. выразнасці. Сярод твораў: кантаты «Вянок» (1972), «Муха-цакатуха» паводле К.​Чукоўскага (1976); 2 сімфоніі (1971, 1975), сімф. варыяцыі «З беларускага эпасу» (1970); камерна-інстр. творы; рамансы і вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, У.​Карызны, К.​Буйло (1972—77); песенны цыкл «Памяць» (1980), зб. песень для дзяцей «Вераснёвы вальс» (1994); хар. цыклы «Дзесяць апрацовак беларускіх народных песень» (1977), «Песні дзявочага кахання» (1979, сл. Карызны), «Песні беларускага Паазер’я» (1988, сл. народныя); песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Сярэбраны медаль імя А.​Аляксандрава 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧАНО́К (Ігар Міхайлавіч) (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак,сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.​Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф. арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Танка, Н.​Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.​Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.​Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Літ.:

Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;

Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978.

І.​І.​Зубрыч.

І.М.Лучанок.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМА́НІНАЎ (Сяргей Васілевіч) (1.4.1873, маёнтак Анег, цяпер Наўгародскі р-н, Расія — 28.3.1943),

рус. кампазітар, піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл. фп. (1891, у А.​Зілоці) і кампазіцыі (1892, у С.​Танеева і А.​Арэнскага). У 1895 канцэртаваў па Расіі, у т. л. на Беларусі, і за мяжой. У 1897—98 дырыжор Маскоўскай прыватнай рускай оперы С.​Мамантава, у 1904—06 — Вял. т-ра. З 1917 за мяжой, пераважна ў ЗША. У 2-ю сусв. вайну даваў канцэрты ў фонд Чырв. Арміі. Р. — адзін з апошніх кампазітараў-рамантыкаў, які завяршыў рус. рамант. традыцыю М.​Глінкі, П.​Чайкоўскага, М.​Рымскага-Корсакава. Яго музыцы ўласцівы яркі меладызм, маляўнічасць, арыгінальнасць гарманічнай мовы, багацце і разнастайнасць рытмікі; рамантычны пафас і напружаны драматызм спалучаюцца з праніклівай лірыкай і паэтычнай сузіральнасцю. Сярод твораў: оперы «Алека» (1892, паст. ў Бел. т-ры оперы і балета ў 1949), «Скупы рыцар» і «Франчэска да Рыміні» (абедзве паст. 1904); кантата «Вясна» (1902), вак.-сімф. паэма «Званы» (1913); сімф. паэма «Востраў мёртвых» (1909), «Тры рускія песні» для арк. і хору (1926); 3 сімфоніі (1895, 1907, 1936), Сімф. танцы (1940), 4 канцэрты (1891, 1901, 1909, 1926); Рапсодыя на тэму Паганіні (1934) для фп. з арк., фп. варыяцыі, 2 фп. санаты (1907, 1913), цыклы фп. п’ес, Элегічнае трыо для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1893), саната для віяланчэлі і фп. (1901), больш за 80 рамансаў і інш. Выканальніцкае мастацтва Р. — адно з вышэйшых дасягненняў сусв. піянізму 20 ст.

Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1—3. М., 1978—80.

С.В.Рахманінаў.

Літ.:

Келдыш Ю. Рахманинов и его время. М., 1973;

Брянцева В.Н. С.​В.​Рахманинов. М., 1976;

Воспоминания о Рахманинове. Т. 1—2. 5 изд. М., 1988;

Паисов Ю. Жизнестойкость романтического миросозерцания: Рахманинов // Русская музыка и XX в. М., 1997.

В.​П.​Савіцкая.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)