Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́У,
паўвостраў на Пд Індакітая, паміж Паўднёва-Кітайскім м. і Сіямскім зал., на ПдЗ ад дэльты р.Меконг. Тэр. В’етнама. Выступае ў мора на 180—200 км. Балоты, часткова асушаныя. Акультураная поймавая расліннасць. Месцамі на берагах мангравыя лясы. Рысаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМ,
паўднёва-ўсходняя ўскраіна Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Пераважаюць горныя хрыбты (Баян-Хара-Ула, Расійскага геагр.т-ва і інш.). Выш. да 3000—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м. Хрыбты падзелены падоўжнымі цяснінамі рэк Янцзы, Меконг, Салуін. Высакагорныя стэпы і лугі, па цяснінах — лясы. На вяршынях — шматгадовыя снягі і ледавікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА ХРЫБЕ́Т.
На ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, паміж вярхоўямі рэк Янцзы і Меконг, у Кітаі. Даўж. каля 450 км. Выш. да 5999 м. Складзены пераважна з вапнякоў, сланцаў і пясчанікаў. Глыбока расчлянёны. Ледавікі, снежнікі. На ПнЗ пераважаюць горныя стэпы, на ПдУ да выш. 4000 м трапляюцца хвойныя лясы, вышэй разнатраўна-злакавыя лугі. Даследаваны і названы П.К.Казловым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУАНГПРАБА́НГ, Луангпхабанг горад на Пн Лаоса, на р.Меконг, каля ўпадзення ў яе р. Кхан. Адм. цэнтр прав. Луангпрабанг. Засн. ў 14 ст. 68 тыс.ж. (1985). Рачны порт. Аэрадром. Гандл. (рыс, лес) і культ. цэнтр паўн.ч. Лаоса. Рамёствы. Былая рэзідэнцыя караля. Рэліг.цэнтр. Будыйскія храмы 16—19 ст., тхат (ступа) Чамсі, Каралеўскі палац (канец 19 — пач. 20 ст.), б-ка са стараж. рукапісамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́Т,
плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс.км². Выш. ў цэнтр.ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р.Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАДЖЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
нізінная раўніна на Пд п-ва Індакітай, пераважна ў Камбоджы. Пл. каля 200 тыс.км². Сярэднія выш. каля 100 м. Абмежавана на Зхр. Кравань, на Пн уступам плато Карат, на У гарамі Чыянгшон. Складзена з рыхлых алювіяльных і азёрных адкладаў р.Меконг і яе прытокаў. На К.р. знаходзіцца самае вялікае на п-ве Індакітай воз. Танлесап. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў ад 700 да 1500 мм за год. Пасля зведзеных лясоў пераважаюць рэдкалессі і саванны, месцамі лугі і балоты. Густа населена; развіта рысаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),
расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад.АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.М.Пржавальскага, М.В.Пяўцова, У.І.Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж.г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.
Тв.:
Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕНЦЬЯ́Н,
горад, сталіца Лаоса. Размяшчаецца на левым беразе р.Меконг каля мяжы з Тайландам. Вылучаны ў асобную адм. адзінку на правах правінцыі. 442 тыс.ж. (1990). Рачны порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пераважае саматужная прам-сць: рысаачышчальныя, гарбарныя, бавоўнавыя, шаўковыя, мэблевыя прадпрыемствы; мастацкія рамёствы. Буйны рынак драўніны цвёрдых парод, каўчуку, баваўняных, шаўковых, лакавых вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. помнікі: манастыры-храмы 16—19 ст., ват Ін-Пенг, каралеўскі ват Фра-Кеа (1565), ват Сісакет (1820), комплекс свяцілішчаў, каралеўскі палац і інш.
Засн. ў 13 ст. У 16 — пач. 18 ст. сталіца (з перапынкамі) лаоскай дзяржавы Лансанг, у 1707—1828 — княства В’енцьян. У 1827—28 разбураны сіямскімі войскамі. З 1899 адм. цэнтр т.зв.Франц. Лаоса. У 1946—75 сталіца каралеўства Лаос, з 1975 — дзяржавы Лаос.