Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ХМІСТР,
ахмістрыня, адміністрацыйная пасада ў гаспадарках магнатаў і шляхты ў сярэдневяковай Польшчы і ВКЛ; кіраўнік панскага двара. Кіраваў гаспадаркай маёнтка: вёў кантроль за сяўбой, зборам і захаваннем ураджаю, доглядам жывёлы, аховай панскага лесу, межаў маёнтка, спагнаннем павіннасцяў. З сярэдзіны 15 ст. назва паступова выцеснена тэрмінам аканом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння актыўнай магутнасці электрычнага току. Бывае эл.-дынамічны, ферадынамічны, індукцыйны, эл.-статычны, тэрмаэл. і тэрмарэзістыўны. Мае 2 эл. ланцугі: току (уключаецца паслядоўна з нагрузкай) і напружання (паралельна нагрузцы). Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, шунтоў і вымяральных трансфарматараў току і напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння электрычнага напружання ў ланцугах пастаяннага і пераменнага току. Уключаецца паралельна да той часткі ланцуга, дзе вымяраюць напружанне. Бываюць аналагавыя (са стрэлачным або светлавым паказальнікам) і лічбавыя, паводле сістэм вымярэння — эл.-статычныя, эл.-магн., магнітаэл. і электронныя. Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, дзялільнікаў і трансфарматараў напружання. Можа спалучацца ў больш складаных прыборах з інш. электрычнымі вымяральнымі прыладамі (напр., ампервальтомметр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве, марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл.Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1812.
Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 28.5.1812 у г. Бухарэст (Румынія). Завяршыў рус.-тур. вайну 1806—12. Паводле яго да Расіі адыходзілі Бесарабія і шэраг абласцей Закаўказзя. Турцыі былі вернуты ўсе заваяваныя Расіяй на Каўказе населеныя пункты (Анапа, Поці, Ахалкалакі). Дагавор забяспечыў прывілеі Дунайскім княствам, аўтаномію Сербіі. Умацаваў міжнар. становішча Расіі напярэдадні вайны 1812 і бяспеку яе паўд.межаў. Асн. палажэнні дагавора пацверджаны Акерманскай канвенцыяй 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕРМЕ́ТР,
прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.
Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ
(англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн.межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПАЧЫ́Н МЕТА́ЛАЎ,
працэс частковага аднаўлення структуры і фіз.-хім. уласцівасцяў дэфармаваных ці радыяцыйна апрамененых металаў і сплаваў. Адбываецца пры награванні да т-ры рэкрышталізацыі без змены мікраструктуры. Жалезныя вырабы награваюць да t 250—300 °C, легкаплаўкія металы і сплавы (напр., свінец) вытрымліваюць пры пакаёвай т-ры. Адпачын металаў ліквідуе скажэнні крышталічнай рашоткі, суправаджаецца зніжэннем эл. супраціўлення, скорасці растварэння ў кіслотах і межаў цякучасці металаў і сплаваў. Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці канструкцыйных матэрыялаў без паніжэння іх трываласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ СЦЯНА́,
крапасная сцяна ў Паўн. Кітаі ад г. Цзяюйгуань да ўзбярэжжа Ляадунскага заліва (г. Шаньхайгуань), помнік стараж. дойлідства. Пабудавана для абароны паўн.-зах.межаў Кітая ад нападу вандроўных плямён. Першыя ўчасткі змураваны ў 4 — пач. 3 ст. да н.э., суцэльная сцяна — у 3 ст.н.э.Даўж. 4—5 тыс.км, выш. 6,6 м (месцамі да 10 м). Уздоўж сцяны казематы і вежы для аховы, каля гал. горных праходаў — крэпасці. Захавалася значная частка. Уключана ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.