МАК-ГРОЎ-ХІЛ КО́МПАНІ ІНКАРПАРЭ́ЙТЭД (Mc Graw-Hill Company Incorporated),

адно з буйнейшых выдавецтваў ЗША. Засн. ў 1809 у Нью-Йорку. Выдае навукова-тэхн. л-ру — энцыклапедыі, энцыклапедычныя даведнікі, падручнікі, кнігі па прыродазнаўчых, дакладных, грамадска-паліт. навуках, медыцыне, тэхніцы, а таксама па пытаннях арганізацыі і кіравання вытворчасцю. Найб. значныя выданні — «Штогоднік навукі і тэхнікі» (т. 1—9, 1982—90), «Энцыклапедыя навукі і тэхнікі» (т. 1—15, 7-е выд. 1992). Выпускае магнітафонныя і відэакасеты, кампакт-дыскі. Мае фірмы ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Еўропе, Азіі, Аўстраліі. З 1980-х г. дзейнічае ў складзе амер. медыя-канцэрна «Мак-Гроў-Хіл».

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ЕЎ (Алег Цімафеевіч) (н. 3.2.1952, г. Уладзівасток, Расія),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1974), дзе працуе з 1976. У 1992 заснаваў і ўзначаліў Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1997 — Бел. асацыяцыю незалежных аналіт. цэнтраў («Беларускія фабрыкі думкі»). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці мас-медыя, іх развіцця і ролі ў пераходным грамадстве. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, дэмакратызацыі і фарміравання грамадзянскай супольнасці на Беларусі.

Тв.:

Эффективность средств массовой информации. Мн., 1986 (у сааўт.);

Молодежь и гражданское общество: бел. вариант. Мн., 1999 (у сааўт.);

Media in transition: From totalitarianism to democracy. Kyiv, 1993;

Glasnost and after Media and change in Central and Eastern Europe. New Jersey, 1995 (у сааўт.).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЕ ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ АГЕ́НЦТВА «НАВІ́НЫ», РІА «Навіны», найбуйнейшая расійская дзярж. інфармацыйна-аналіт. арг-цыя. Створана ў 1941 у Маскве як Саўінфармбюро, з 1961 Агенцтва друку «Навіны» (АДН), з 1991 сучасная назва. З 1998 у складзе Адзінага вытв.-тэхнал. комплексу дзярж. электронных сродкаў масавай інфармацыі (Медыя-Холдзінг УДТРК). Распаўсюджвае актуальную грамадска-паліт., эканам., навук., фін. інфармацыю на рус., асноўных еўрап. і араб. мовах па каналах электроннай сувязі, а таксама ў выглядзе друкаваных веснікаў, бюлетэняў, даведнікаў. Мае разгалінаваную інфарм. інфраструктуру: 50 бюро ў замежных дзяржавах, 17 прадстаўніцтваў у краінах СНД, у т. л. на Беларусі, сетку карпунктаў у Рас. Федэрацыі, краінах СНД і больш чым у 40 краінах свету. Выдае кнігі і перыёдыку, у т. л. штотыднёвік «Спутник-Новости», міні-энцыклапедыю на англ. мове «Расія ад А да Я», рыхтуе тэлевізійныя праграмы і фотаматэрыялы.

В.​А.​Пала.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,

паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сць культ. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.

Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.​Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.​Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.​Фром, Д.​Рысмен, Г.​Маркузе, Я.​Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.​Оруэл, О.​Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.​Парсанс, ЗША).

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАВЫДАВЕ́ЦКІ ДРУК, самвыдат,

агульная назва афіцыйна незарэгістраваных непадцэнзурных рукапісных, друк., аўдыёвізуальных і электронных носьбітаў інфармацыі для распаўсюджвання сярод пэўнай аўдыторыі ва ўмовах абмежаванняў свабоды слова. У СССР развіваўся пераважна ў Маскве і Ленінградзе (час. «Хроника текущих событий», «Синтаксис», альманах «Метрополь»), Прыбалт. рэспубліках, на Украіне, быў вядомы таксама ў Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі і інш. б. сацыяліст. краінах.

Традыцыі бел. С.д. бяруць пачатак з твораў Афанасія Філіповіча і С.​Буднага, «Мужыцкай праўды» К.​Каліноўскага, нелегальнага час. народнікаў «Гомон». Аднак у сучасным разуменні, як друк, непадкантрольны дзяржаве і альтэрнатыўны афіц. сродкам масавай інфармацыі, склаўся толькі ў Сав. Беларусі. Паводле крыніц інфармацыі падзяляецца на рэтраспектыўны (перавыданні раней надрук. дакументаў) і бягучы (арыгінальныя тэксты). Спосабы яго рэпрадуктавання: машынапіс, машынапіс з ксерапамнажэннем, ратапрынт, прынтэр, фотадрук.

Штуршком да актывізацыі самавыдавецкага руху стаў XX з’езд КПСС. На працягу 1960—1-й пал. 1980-х г. вядома аб узнікненні ў БССР шляхам С.д. прыкладна 20 рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыяд. і монавыданняў. Найб. адметныя арыгінальныя тэксты гэтага перыяду: час. «Падсьнежнік» (1963—64, аўтар-выдавец М.​Ермаловіч), «Блакітны ліхтар» (1971—74, В.​Мудроў, А.​Рыбікаў, В.​Шлыкаў), «Мілавіца» (1974—76, У.​Арлоў, Г.​Кулажанка, І.​Чарняўскі і інш), «Гутарка» (1975—76, Ермаловіч), «Люстра дзён» (1980, С.​Дубавец, В.​Вячорка, С.​Сокалаў), творы л-ры і гісторыі — «Сказ пра Лысую гару» (1-я пал. 1970-х г., аўтар невядомы), «Па слядах аднаго міфа» Ермаловіча (2-я пал. 1970-х г.) і інш. Вял. ўплыў на развіццё С.д. зрабілі працэсы лібералізацыі грамадства ў 2-й пал. 1980-х г. З 1988 пачалі выдавацца незарэгістраваныя газ. «Кантроль», «Навіны БНФ «Адраджэньне», «Студэнцкая думка». Да канца 1988 на Беларусі налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Асн. тэмы С.д. — грамадска-паліт. сітуацыя ў БССР і СССР, «белыя плямы» гісторыі, праблемы бел. дзяржаўнасці і мовы, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш.

С.д. пайшоў на спад з прыняццем у СССР 1.8:1990 «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», які адмяніў папярэднюю цэнзуру. На працягу некалькіх наст. месяцаў частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, іншыя спынілі сваё існаванне. Чарговы этап актывізацыі С.д. назіраўся з сярэдзіны 1990-х г., што звязана з адсутнасцю буйнога капіталу на айч. медыя-рынку і абмежаванай колькасцю недзярж. сродкаў масавай інфармацыі, а таксама з пашырэннем кола карыстальнікаў камп’ютэрнай тэхнікай. З 1995 шматлікім грамадскім арг-цыям, клубам па інтарэсах, гурткам, навуч. установам заканадаўствам дазволена выдаваць часопісы, газеты, інфарм. бюлетэні без афіц. рэгістрацыі ў Мін-ве інфармацыі, калі кожны чарговы выпуск не перавышаў 499 экз. (пасля прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 8.1.1998—299 экз.). Паралельна ўсё большае распаўсюджванне набываюць электронныя выданні ў глабальнай сетцы Інтэрнет. З 1995 да жн. 2001 вядома аб выхадзе каля 600 друк. і 40 электронных выданняў без уліку рэкламнай прадукцыі і агітацыйнай л-ры ў час кампаній па выбарах прэзідэнта, Вярх. Савета, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу і мясц. органаў улады.

Літ.:

Тимофеева Л.Н. Альтернативная печать: ее сущность и значение // Пресса: опыт, пробл. и тенденции. М., 1992;

Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990): Каталёг. Мн., 1998.

С.​І.​Грыб.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)