МЕГАПО́ЛІС (ад мега... + грэч. polis горад) у экалогіі, буйная урбаністычная структура, фарміраванне і існаванне якой залежаць ад ступені развіцця прадукц. сіл, канцэнтрацыі, дэмаграфічнай і сац.-прафес. структуры насельніцтва і інш. Мясцовасць з высокай ступенню антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што звычайна вядзе да парушэння экалагічнай раўнавагі ў рэгіёне і патрабуе ўзаемадзеяння сац. і прыродных працэсаў. Пераўтварэнне прыродных ландшафтаў у штучныя (антрапагенныя) суправаджаецца рэзкімі зменамі экасістэм (да поўнага разбурэння біягеацэнозаў) і фарміраваннем на іх месцы т.зв. урбасістэм, якія складаюцца з жылых і вытв. аб’ектаў, зямельных участкаў, занятых трансп., інж. і інш. збудаваннямі і камунікацыямі, участкаў незабудаванага, рэзка пераўтворанага прыроднага ландшафту. Гл. таксама Мегалопаліс.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗІН Аляксандр Іванавіч (н. 15.5.1947, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў галіне жывапісу, графікі. Аўтар твораў «Мегаполіс» (1975), «Міфалагема тысячагоддзя. Нон стоп панарама» (1986—2000), «Двайны стандарт» (1986), «Ноч неапазнаных сутнасцей» (1987), «XXI стагоддзе» (1989—91), «Пустэльнікі» (1993—96), «Апакаліпсіс» (1994—97), «Кругі пазнання» (1996—97), цыкла «Сіндром Адраджэння» (1996—97), паліпціха «Стварэнне сусвету» (1999—2001). Творчасці ўласцівы сюррэалістычная манера выканання, графічнасць, дэталізацыя сюжэта, спалучэнне абстрактнасці мыслення і фігуратыўнасці выяў.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)