АРТАДАНТЫ́Я [ад арта... + грэч. odus (odontos) зуб],

раздзел стаматалогіі, які вывучае дыягностыку, лячэнне, прафілактыку анамалій развіцця і дэфармацый зубоў, зубных радоў і сківіц у дзяцей і дарослых. Функцыянальныя расстройствы зубна-сківічнай сістэмы парушаюць дзейнасць і выклікаюць захворванні органаў стрававання і дыхання. Касметычныя недахопы і дэфекты мовы фарміруюць у дзяцей маўклівасць, замкнёнасць, што можа прывесці да адставання ў развіцці псіхікі. Лячэнне пачынаюць з ранняга ўзросту; адвучаюць дзіця ад шкодных звычак (ссанне пальца, языка, цацкі). Пры выражаных анамаліях зубна-сківічнай сістэмы выкарыстоўваюць артадантычныя апараты. Лячэнне ад некалькіх месяцаў да года і больш.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (сапр. Ліповіч) Марк Давыдавіч

(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),

расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед. ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.​Жук, М.​Калачынскі, Г.​Кляўко, Я.​Семяжон.

Тв.:

Избранное. М., 1982.

Г.​Е.​Барысаў.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МАРАЎ Васіль Фёдаравіч (н. 7.12.1938, Мінск),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1965—90 кіраўнік дзіцячай нар. студыі выяўл. мастацтва пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску. Працуе ў жанры тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта. Карціны «Хімічны завод» (1965), «Ліст» (1967), «Раніца. Іней» (1968), «Вяселле» (1972), «Ноч, у якую зацвіў кактус» (1975), «Дзень нараджэння» (1980), «Дзень радасці» (1983), «Зімовыя радасці» (1985), «Свята ў трактарным пасёлку» (1987) адметныя завершанасцю кампазіцыі і пластычнасцю формы. Лірыка-эпічнае гучанне ўласціва творам: «Песня пра партызан» (1975), «Сказ пра Навагрудак» (1976), «Зямля маці» (1978), «З веку ў век» (1979), «Абуджэнне», «Элегія» (абодва 1981), «Маўклівасць», «Напрадвесні» (абодва 1982), «Пакаянне» (1990). Глыбінная прыгажосць, жыццесцвярджальнасць — гал. рысы палотнаў «Залатыя шары» (1990), «Сон розуму» (1995), «Мелодыя» (1996), «Зіма ў Навагрудку» (1998), «Час цішыні», «Зацішша», «Узышоў месяц» (усе 1999), «Зорка надзеі» (2000), «Блакітная веранда» (2001). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Сумараў. Свята ў трактарным пасёлку. 1987.

т. 15, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)