вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для М. выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінт. або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і інш.дэкар. дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, метал., пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і маст. рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш. Як від маст. творчасці М. пашырана з 15 ст. ў Італіі, Паўн. Еўропе, з 18 ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай М. выраблялі ў 19 ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць М. набыло ў 1970—80-я г. ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў ф-к маст. вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ПРАЖ, збруя,
прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.
Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБР (Bison bonasus),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.
У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.
Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.