Махро (в.) 5/33 (к.); 7/96

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАХРО́,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г. Іванава, 159 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1287 ж., 473 двары (1999). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. актывістаў. Помнік сав. патрыётам. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Махроўская Петрапаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХРО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1792 як уніяцкая. Складаецца з прамавугольнага ў плане асн. зруба і 5-граннай апсіды, накрытых агульным дахам з трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Гал. паўн. фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзелены на ярусы 2 развітымі карнізамі і завершаны 3 вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтр. 8-гранная). Карнізы аздоблены разьбой. Каля царквы 2-ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая шатром.

Т.В.Габрусь.

Махроўская Петралаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎСКІ РАЁН,

на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 6.1.1965). Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 51,1 тыс. чал. (1997), гарадскога 31,3%. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Іванава, 102 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Адрыжынскі, Бродніцкі, Гарбахскі, Дастоеўскі, Дружылавіцкі. Крытышынскі, Ляскавіцкі, Махроўскі, Моладаўскі, Мотальскі, Опальскі, Псышчаўскі, Рудскі, Снітаўскі, Стрэльненскі.

Паўн і паўд. часткі раёна заняты зах. ускраінай Прыпяцкага Палесся, у цэнтры — раўніна Загароддзе. Паверхня плоскараўнінная, 57% тэр. на вышыні 150—170 м. Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліна, мел, буд. пяскі, жвірова-пясчаная сумесь. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 609 мм за год Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн працякае р. Ясельда, на Пд — Піна з прытокамі Няслуха і Піліпаўка; Дняпроўска-Бугскі канал; меліярац. каналы Завішчанскі, Заазерны, Залядынскі, Моладаўскі, Ясельдаўскі; азёры Акуніна, Безуменнік, Завішчанскае, Мотальскае, Мульнае, Пясчанае, Скупое; вадасх. Джыдзінне і Крытышын. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (43%), тарфяна-балотныя (25,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,8%). Пад лесам 28,3% тэр. Лясы хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца шыракалістыя, з іх 40% штучных насаджэнняў. Балоты займаюць 4,3% тэр. Рэсп. біял. заказнік Спораўскі, заказнікі мясц. значэння Аброва і Завышанскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 88,4 тыс. га, з іх асушаных 53,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, с.-г. кааператыў, птушкаплемрэпрадуктарная гаспадарка, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжа, бульбу, цукр. буракі. Прадпрыемствы харч., дрэва- і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Гомель і Брэст—Мінск, нафтаправод «Дружба». У раёне 24 сярэднія, 18 базавых, 17 пач., 6 муз., спарт. школы, 20 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 57 б-к, 3 бальніцы, 12 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты, раённая паліклініка, санаторый «Алеся». Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанскія цэрквы 19 ст. ў вёсках Бродніца і Варанцэвічы; царква Параскевы Пятніцы (1802) у в. Гнеўчыцы; Мікалаеўская царква (1777) у в. Дружылавічы; Прачысценская царква (да 1783) і сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920) у в. Ляскавічы; царква Ушэсця 19 ст. ў в. Ляхавічы; Петрапаўлаўская царква (1792) у в. Махро; капліца пач. 20 ст. і царква 19 ст. ў в. Моладава; Праабражэнская царква (1888) у в. Моталь; царква Параскевы Пятніцы (2-й пал. 18 ст.) у в. Опаль; Успенская царква 19 ст. ў в. Рудск; царква Аляксандра Неўскага (1800) у в. Стрэльна; двары аднараднага пагоннага тыпу на адной сядзібе (пач. 20 ст.) у в. Шчакоцк. Выдаецца газ. «Чырвоная звязда».

Г.С.Смалякоў.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)