Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАУ́Р’Я,
дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э. Засн. Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст. паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
т. 10, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШО́КА,
старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НУ ЗАКО́НЫ,
адзін з самых стараж. літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.
А.І.Малюгін.
т. 10, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)