Альма-матэр 1/270

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬМА-МА́ТЭР (лац. alma mater літар. маці-карміцелька),

старадаўняя студэнцкая назва універсітэта (якае дае «духоўны пажытак»); ужываецца як ласкальнае або жартоўнае, нярэдка ў дачыненні да інш. скончаных асобай навуч. устаноў.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАПО́НІКА (ад аэра... + грэч. ponos работа),

паветраная культура, спосаб вырошчвання раслін у вільготным паветры без глебы або яе заменнікаў. Прапанаваны ў 1910 рус. вучоным У.​М.​Арцыхоўскім. Пры аэрапоніцы карані раслін перыядычна апырскваюць растворам пажыўных рэчываў, што значна зніжае матэр.-тэхн. затраты на іх вырошчванне. Выкарыстоўваецца ў прамысл. кветкаводстве і агародніцтве, у аранжарэях, цяпліцах, касм. караблях і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРО́ПАЛЬ (грэч. akropolis ад акра... + polis горад),

узвышаная ўмацаваная частка стараж.-грэч. горада, т.зв. верхні горад; месца першапач. паселішча, вакол якога пазней развіўся т.зв. ніжні горад. Служыў сховішчам для жыхароў акругі ў час войнаў. На Акропалі звычайна знаходзіліся храмы багоў — заступнікаў горада. У руінах шэрагу Акропаля знойдзены шматлікія помнікі матэр. культуры. Найб. вядомы Афінскі акропаль, дзе захаваліся шэдэўры стараж. архітэктуры і скульптуры.

Афінскі акропаль. Рэканструкцыя.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПТЫМУМ (ад лац. optimum найлепшае),

сукупнасць найбольш спрыяльных умоў; найлепшы варыянт рашэння задачы або шлях дасягнення мэты пры дадзеных умовах і рэсурсах. Для дасягнення О. неабходна аптымізацыя; сітуацыя, пры якой дасягаецца О., наз. аптымальнай. О. эканамічны ў шырокім сэнсе — найб. эфектыўнае функцыянаванне вытв-сці, у вузкім — найлепшае выкарыстанне матэр. рэсурсаў, пры якім дасягаецца магчымы макс. эфект вытв-сці або магчымы мінімум затрат. О. сацыяльны — стан сац. сістэмы, які з’яўляецца найлепшым з пункту гледжання рэалізацыі яе мэт пры дадзеных унутр. і знешніх умовах і рэсурсах.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.​П.​Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.​П.​Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.​М.​Мураўёва яна закрыта.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЕ́НІН (Дзмітрый Канстанцінавіч) (2.11.1878, с. Люк Балязінскага р-на, Удмурція — 31.8.1954),

фалькларыст, дыялектолаг, этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1925), акад. Балг. АН (1946). Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1904). З 1916 праф. Харкаўскага, з 1925 Ленінградскага ун-таў. Даследаваў этнаграфію, фальклор і дыялекталогію пераважна славянскіх, у т. л. беларускага, народаў. Аўтар прац «Руская саха, яе гісторыя і віды» (1907), «Нарысы рускай міфалогіі» (вып. 1, 1916), «Жаночыя галаўныя ўборы ўсходніх славян» (нап. 1926), «Татэмічны культ дрэваў у рускіх і беларусаў» (1933) і інш. Найб. звестак пра духоўную і матэр. культуру беларусаў у яго кн. «Рускае (усходнеславянскае) народазнаўства» (на ням. мове, Берлін; Лейпцыг, 1927).

Тв.:

Рус. пер. — Восточнославянская этнография. М., 1991.

Літ.:

Сабурова Л.М., Чистов К.В. Д.​К.​Зеленин // Сов. этнография. 1978. № 6.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́БЕЛЬ ((Bebel) Аўгуст) (22.2.1840, Кёльн — 13.8.1913),

нямецкі палітычны дзеяч, кіраўнік і тэарэтык ням. сацыял-дэмакратыі. На пач. 1860-х г. уключыўся ў рабочы рух, пад уплывам В.Лібкнехта стаў марксістам. У 1867 выбраны прэзідэнтам Аб’яднання ням. рабочых саюзаў. Адстойваў рэв.-дэмакр. шлях аб’яднання Германіі, вёў барацьбу супраць ласальянцаў, якія падтрымлівалі палітыку Бісмарка на аб’яднанне краіны «зверху». У 1869 на з’ездзе ў Айзенаху пад кіраўніцтвам Бебеля і Лібкнехта была створана с.-д. рабочая партыя Германіі. Выступаў супраць вайны з Францыяй, за што быў абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і ў 1872—74 зняволены. Прымаў удзел у Гоцкім аб’яднаўчым з’ездзе ласальянскага Усеагульнага герм. рабочага Саюза і с.-д. рабочай партыі Германіі (1875) і прыняцці Гоцкай праграмы. Арганізатар і кіраўнік 2-га Інтэрнацыянала (1889). Прапагандаваў і абгрунтоўваў матэр. разуменне гісторыі, распрацоўваў праблемы асветы, маралі, жаночыя пытанні. Аўтар прац «Жанчына і сацыялізм» (1883), «З майго жыцця» (1910—14).

А.Бебель.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.​Варонка, віцэ-старшыні І.​Цвікевіч і Н.​Ліпоўскі, скарбнік П.​Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.​Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.​Баран-Нямір), у Вільні (А.​Карабач), Празе (М.​Вяршынін), Рызе (К.​Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

праваслаўны мужчынскі манастыр у Вільні. Упершыню згадваецца ў 1604, заснаваны пры правасл. царкве Св. Духа, пабудаванай у 1597 на сродкі дачок смаленскага ваяводы Р.​Валовіча Фядоры і Ганны. З 1609 пры манастыры дзейнічала брацтва (да гэтага знаходзілася пры Троіцкім манастыры) з уласнай друкарняй. Да 1686 Віленскі Святадухаўскі манастыр падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху, пазней маскоўскаму. З’яўляўся архімандрыяй, яму былі падначалены 17 мужчынскіх і 2 жаночыя манастыры на Беларусі і ў Літве, у т. л. Петрапаўлаўскі ў Мінску, Еўінскі ў Трокскім, Цеперскі ў Навагрудскім, Купяціцкі і Навадворскі ў Брэсцкім ваяв. Настаяцелямі манастыра былі Л.Карповіч (1-ы настаяцель), М.Сматрыцкі, І.​Бабрыковіч, І.​Нелюбовіч-Тукальскі, Р.​Яноўскі і інш. Манастыр валодаў значнымі матэр. сродкамі (маёнткамі, дамамі, млынамі), частка якіх складалася з ахвяраванняў чл. Святадухаўскага правасл. брацтва. У 1833 Віленскі Святадухаўскі манастыр быў прылічаны да манастыроў 1-га класа. Ад часу заснавання манастыр не перапыняў сваёй дзейнасці. Цяпер падпарадкоўваецца архіепіскапу віленскаму і літоўскаму. Сучасны арх. ансамбль манастыра пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст.

Г.​А.​Кухарчык.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)