ЧА́НДАР Крышан (19.11.1913, г. Вазірабад, Індыя — 7.3.1977),
індыйскі пісьменнік. Скончыў Лахорскі ун-т (1937). Пісаў на мове урду. Першы раман «Паражэнне» (1944) адметны спалучэннем рэалізму з рамант. ідэалізацыяй тагачаснага жыцця. У раманах «Пяцьдзесят дзве карты» (1956), «Сярэбраная рана» (1964), аповесцях «Дарога вядзе назад» (1961), «Перад другім снегападам» (1967), «Чынары маіх успамінаў» (1968) і інш. лёсы творчай інтэлігенцыі, жыццё сялян і гар. беднаты, надзённыя праблемы інд. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. рамана-трылогіі «Прыгоды асла» (1958—65) і інш. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў У.Шчасны.
Тв.:
Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1957;
Рус. лер. — Избранное. М., 1955;
Мать ветров. М., 1957;
Вор. М., 1962;
Когда пробудились поля;
Чинары моих воспоминаний;
Рассказы. М., 1972.
т. 17, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)