ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ,

гангліяблакіравальныя сродкі, рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФРЭНІ́Я

(ад аліга... + грэч. phrēn розум),

разумовая недаразвітасць, прыроджаная ці набытая ў першыя гады жыцця дзіцяці. Прычыны: паталогія на ўзроўні генаў і храмасом, неспрыяльнае ўздзеянне экзагенна-арган. фактараў на мозг зародка, плода дзіцяці (алкагалізм бацькоў, таксікозы, асфіксія пры родах, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы і інш.). Найб. тыповыя прыкметы алігафрэніі — недаразвіццё абстрактна-лагічнага мыслення, зніжэнне памяці, малы запас слоў. Інтэлектуальная недастатковасць часта спалучаецца з заганамі развіцця органаў, сістэм, будовы цела. Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю, цяжкую і глыбокую алігафрэнію

Дзеці з лёгкай ступенню разумовай адсталасці (дэбільныя) у стане авалодаць праграмай дапаможнай школы, моўнымі навыкамі і нескладанымі прафесіямі; каэф. інтэлектуальнага развіцця 50—69 балаў. Да сярэдняй ступені разумовай адсталасці (імбецыльнасць) адносяцца дзеці з каэф. інтэлектуальнага развіцця 35—49 балаў, здольныя авалодаць толькі элементамі мовы і навыкамі самаабслугоўвання. Сістэматычная вучэбная і прац. дзейнасць недаступная. Дарослыя самастойна жыць не могуць. Пры цяжкай ступені разумовай адсталасці (каэф. інтэлектуальнага развіцця 20—34 балы) інтэлектуальная недастатковасць больш выяўлена, парушана маторыка, ёсць фіз. дэфекты. Хворыя з глыбокай разумовай адсталасцю (ідыятыя) не маюць вышэйшых псіх. функцый, мова не развіваецца, увага не засяроджваецца, рэакцыя рэзка зніжана; каэф. інтэлектуальнага развіцця ніжэй за 20 балаў. Патрабуюць пастаяннага догляду. Лячэнне алігафрэніі сімптаматычнае.

Ф.М.Гайдук.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)