Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1941,
1943, 1945, нарады у Маскве прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па пытаннях вядзення 2-й сусв. вайны і пасляваен. мірнага ўрэгулявання. 29.9—1.10.1941 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — В.М.Молатаў, ЗША — У.А.Гарыман, Вялікабрытаніі — У.М.Бівербрук) разгледжана пытанне аб узаемных пастаўках. Вызначаны (да 30.6.1942) месячныя квоты амер. (на падставе ленд-лізу) і брыт. (на падставе сав.-брыт. пагаднення ад 16.8.1941) паставак Сав. Саюзу ўзбраення, харчавання і інш., а таксама паставак некаторых тавараў і сыравіны з СССР у ЗША і Вялікабрытанію. 19—30.10.1943 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — К.Хэл, Вялікабрытаніі — Р.Э.Ідэн) абмеркаваны праблемы паскарэння разгрому фаш. блоку і пасляваен. ўладкавання Еўропы. Прыняты дэкларацыі: аб усеагульнай бяспецы, аб Італіі (прадугледжвала мерапрыемствы па яе дэмакратызацыі, знішчэнні спадчыны італьян. фашызму і інш.), Аўстрыі (прадугледжвала незалежнасць і суверэнітэт Аўстрыі, а таксама яе адказнасць за ўдзел у вайне на баку Германіі), аб адказнасці гітлераўцаў за ваен. злачынствы (у далейшым стала прававой асновай для суд. пакарання ваен. злачынцаў). 16—26.12.1945 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — Дж.Ф.Бірнс, Вялікабрытаніі — Э.Бевін) вырашаны пытанні аб арганізацыі пасляваен. міру ў Еўропе і на Д. Усходзе. Прыняты рашэнні аб падрыхтоўцы мірных перагавораў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй; аб Далёкаўсх. камісіі і Саюзным савеце для Японіі; аб Карэі (стварэнні часовага дэмакр. ўрада); аб Кітаі (дэмакратызацыі органаў нац. ўрада, спыненні грамадз. вайны і вывадзе з Кітая сав. і амер. войск); аб Румыніі і Балгарыі (умовы прызнання Вялікабрытаніяй і ЗША ўрадаў гэтых краін, з якімі СССР ужо меў дыпламат. адносіны); аб заснаванні камісіі па кантролі за атамнай энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі
(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),
Вялікабрытаніі (адм. Р.Дракс) і Францыі (ген. Ж.Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.—ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш.сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.—жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл.Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1512—22,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У выніку трох паходаў (1512, 1513, 1514) маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам. Імкнучыся выкарыстаць поспех, яны занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро, Друць і толькі каля Бярэзіны спынены перадавымі атрадамі Жыгімонта I Старога. У час Аршанскай бітвы 1514 гетман найвышэйшы К.І.Астрожскі разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска, але вярнуць Смаленск не змог. У 1515 маскоўскія войскі хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, Браслаў і Друю, а войскі ВКЛ на Северскую зямлю і Вял. Лукі. Летам 1517 пасольства Жыгімонта I спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але беспаспяхова, і ваен. дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 маскоўскае войска рушыла на Полацк, Віцебск і ў Падняпроўе, у інш. месцах даходзіла да Слуцка, Мінска, Новагародка. У 1519 маскоўскія войскі займалі многія гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў. У 1520 пасольства ВКЛ дамовілася пра спыненне ваен. дзеянняў. У 1522 падпісана перамір’е на 5 гадоў. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, а шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939,
тайныя перагаворы паміж Вялікабрытаніяй і фаш. Германіяй у чэрв.—жніўні 1939. Адбываліся ў Лондане і Берліне адначасова з англа-франка-савецкімі перагаворамі (гл.Маскоўскія перагаворы 1939). Ініцыятар — Вялікабрытанія, якая імкнулася перанацэліць герм. агрэсію на У, у т. л. супраць СССР. Англ. прапановы: абедзве краіны заключаць пакт аб ненападзенні, Вялікабрытанія захавае свае калоніі, а Германія будзе пануючай краінай ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе і атрымае доступ да рэсурсаў калан. Афрыкі. Вялікабрытанія абяцала адмовіцца ад сваіх гарантый Польшчы і інш.усх.-еўрап. краінам, садзейнічаць ануляванню франка-сав. дагавора пра ўзаемадапамогу (ад 2.5.1935) і гарантый Францыі дзяржавам Паўд.-Усх. Еўропы, спыніць Маскоўскія перагаворы. Герм. бок фактычна адмовіўся абмяркоўваць брыт. прапановы і перагаворы скончыліся безвынікова.
Літ.:
История Второй мировой войны 1939—1945. М., 1974. Т. 2. С. 147—150.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСІ́Й (Сіманскі Сяргей Уладзіміравіч; 9.11.1877, Масква — 17.4.1970),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў маскоўскіяун-т (1899) і духоўную акадэмію (1904). Быў рэктарам Тульскай і Наўгародскай духоўных семінарый. У сане епіскапа з 1913. У 1943—45 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1945 на памесным саборы ў Маскве абраны патрыярхам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙБЕНЗО́Н (Леанід Самуілавіч) (26.6. 1879, г. Харкаў, Украіна — 15.3.1951),
расійскі вучоны ў галіне механікі, заснавальнік падземнай гідраўлікі. Акад.АНСССР (1943). Скончыў Маскоўскіяун-т (1901) і Вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). У 1925 арганізаваў у Маскве першую ў СССР нафтапрамысл. лабараторыю. Навук. працы па тэорыі пругкасці, нафтапрамысл. механіцы, трываласці, геафізіцы і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАВЕ́ЦКІ (Іван Мартынавіч) (? — 27.6.1668),
гетман Левабярэжнай Украіны ў 1663—68. Абраны на Чорнай радзе 1663 у Нежыне. У 1665 падпісаў т.зв. «Маскоўскія артыкулы», якія пацвярджалі правы і прывілеі казацкай старшыны і ўмацоўвалі пазіцыі рус. ўрада на Украіне. Незадаволенасць палітыкай Брухавецкага асабліва ўзмацнілася пасля Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Правабярэжная Украіна заставалася за Польшчай. Намагаўся перадаць Украіну пад уладу Турцыі. Забіты паўстаўшымі супраць яго казакамі.