Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ РА́ТУШНЫ ТЭА́ТР,
назва гар. т-ра, які дзейнічаў у 1847—51 у памяшканні Мінскай ратушы. У ім выступалі пастаянныя гар. антрэпрызы Я.Хелмікоўскага, В.Вяржбіцкага, В.Драздоўскага, ставілі драм. і муз. спектаклі на рус., польск. і ўкр. мовах. Фае, зала і ложы т-ра былі размаляваны гар. дэкаратарам Я.Кураткевічам. Былі пастаўлены п’есы І.Катлярэўскага («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік»), Р.Квіткі-Аснаўяненкі («Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы»), П.Грыгор’ева («Дачка рускага акцёра»), П.Каратыгіна («Школьны настаўнік»), М.Някрасава («Шыла ў мяшку не ўтоіш...»), М.Гогаля («Рэвізор», упершыню на Беларусі), М.Загоскіна («Высакародны тэатр»), Дз.Ленскага («Леў Гурыч Сінічкін»), У.Шэкспіра і інш.
т. 10, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр. рэаліст. т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).
Літ.:
Грін А.А. К.Т.Соленик. Київ, 1963.
Р.Я.Піліпчук.
т. 14, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАТКО́ЎСКАЯ (дзявочае Коласава, паводле першага мужа Астракова) Любоў Іванаўна (1804 або 1805, г. Курск, Расія — 31.10.1866), расійская і ўкраінская актрыса. Дэбютавала каля 1823. Працавала ў т-рах рас. антрэпрэнёраў П.Сакалова (1829, Варонеж), І.Штэйна (пач. 1830-х г., Курск), Л.Млаткоўскага (з 1836 у Харкаве, з 1850 Адэсе, з 1856 у Кіеве). Вял. ўплыў на творчасць М. зрабілі сумесныя выступленні з акцёрамі М.Рыбаковым і К.Саленікам, удзел у гастрольных спектаклях П.Мачалава і М.Шчэпкіна, тэатр. традыцыі якіх яна сцвярджала на правінцыяльнай сцэне. Выконвала трагедыйныя ролі класічнага рэпертуару, іграла ў вадэвілях, меладрамах, укр. быт. камедыі: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Кардэлія, Афелія («Кароль Лір», «Гамлет» У.Шэкспіра), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Верачка, Сусанна («Дачка рускага акцёра», «Сіротка Сусанна» П.Грыгор’ева), Наталка, Тэцяна («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Насця, Ульяна («Козыр-дзеўка», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі) і інш.
т. 10, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел. пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч. Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Левин Б. Веселый мудрец. М., 1981;
Кирилюк Е. Іван Котляревський. Київ, 1981.
В.А.Чабаненка.
т. 8, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)