ГРАБІ́НКА (Яўген Паўлавіч) (2.2.1812, с.Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, у прыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (24.3.1900, с.Мар’янаўка Васількоўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.12.1993),
расійскі і ўкраінскі спявак (лірычны тэнар). Нар.арт.СССР (1940). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1917—19). З 1924 у оперных т-рах Палтавы, Харкава, Свярдлоўска. У 1926—54 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Высокае драм. дараванне, пеўчае майстэрства, эмацыянальная цеплыня і шчырасць выканання дазволілі яму стварыць вак.-сцэн. вобразы, якія ўвайшлі ў гісторыю опернага мастацтва: Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Ўладзімір («Князь Ігар» А.Барадзіна), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні); выканаў партыі Ленскага, Альфрэда, Фауста, Андрэя і Альмавівы ў пастаноўках (усяго 11 спектакляў) Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў 1953. Арганізатар і кіраўнік (1938—41) канцэртнага ансамбля оперы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Літ.:
Кузнецова А.С. Народный артист Страницы жизни и творчества И.С.Козловского. М., 1964.
І.С.Казлоўскі.І.Казлоўскі ў ролі Альмавівы з Т.Ніжнікавай пасля спектакля.