ПАЖАРАВА́ЦКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1718.

Падпісаны ў г. Пажаравац (Сербія); завяршылі вайну Турцыі з Венецыяй (1714—18) і Аўстрыяй (1716—18). Мірны дагавор Турцыі з Аўстрыяй (21.7.1718) прадугледжваў пераход да Аўстрыі Баната, г. Тэмешвар (цяпер Тымішаара ў Румыніі) з акругай, ч. Валахіі, Паўн. Сербіі (з Бялградам), Паўн. Босніі і некаторых інш. тэрыторый, гарантыю бяспекі каталіцкага духавенства ў Асманскай імперыі, ахову хрысц. святынь у Палесціне. Межы, устаноўленыя гэтым дагаворам, былі зменены Бялградскім мірным дагаворам 1739 (Аўстрыя вярнула Турцыі землі Сербіі і Валахіі). 27.7.1718 падпісаны аўстр.-тур. гандл. дагавор, які даваў аўстр. падданым права свабоднага гандлю на тэр. Турцыі. Венецыяна-тур. дагавор (21.7.1718) пацвярджаў пераход да Турцыі захопленых ёю ў ходзе вайны зямель: п-ва Пелапанес (Марэя) у Грэцыі і шэрагу грэч. астравоў Эгейскага м. Турцыя стварала спрыяльныя ўмовы для венецыянскага гандлю ў Асманскай імперыі.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,

перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)