МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб. арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт. зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.
А.В.Спрынчан.
т. 10, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАЖЫНІ́ЗМ,
плынь у рускай паэзіі 1920-х г., якую прадстаўляла аб’яднанне «Імажыністы» (тэарэтыкі В.Шаршаневіч і А.Марыенгоф, паэты С.Ясенін, І.Грузінаў, Р.Іўнеў, А.Кусікаў, мастакі Б.Эрдман, Г.Якулаў). Імажыністы апублікавалі дэкларацыю (1919), мелі сваё выд-ва «Імажыністы» (выпусціла больш за 20 кніг) і час. «Гостиница для путешествующих в прекрасном» (1922—24, № 1—4).
Яны развівалі эстэт. прынцыпы англ. паэтаў-імажыністаў (адмаўленне акадэмізму і рытарычнасці, арыентацыя на творчую інтуіцыю і парадаксальную вобразнасць), спалучалі іх з традыцыямі айч. маст. культуры (рытмічная і вобразная разнастайнасць фальклору, вольны верш, элементы сімвалізму, пераўтварэнне адных і адмаўленне другіх рыс паэтыкі футурызму), сцвярджалі аўтаномнасць паэт. мовы, самакаштоўнасць вобразнасці, метафарыстыкі і рытмікі, схіляючыся часам да «чыстага мастацтва».
І. паўплываў на маладую бел. паэзію і часткова крытыку 1920-х г. (мадэрнісцкія тэндэнцыі ў «Маладняку», «кантрастная вобразнасць» у дэкларацыі «Узвышша», «жывапісанне словам» у паэзіі і прозе, акцэнт на «асацыятыўную рытміку вобразаў»), Асобныя рысы паэтыкі І. прыкметныя ў ранняй творчасці Я.Пушчы, Т.Кляшторнага, прозе А.Бабарэкі і інш. маладнякоўцаў.
У.М.Кокан.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)